Былыя палітзняволеныя, асуджаныя па "справе чатырнаццаці", лічаць акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Мінску галоўнай падзеяй 2008 года.

"Для мяне самай важнай падзеяй сталі акцыі прадпрымальнікаў у пачатку гэтага года. У іх бралі ўдзел новыя людзі, а самі акцыі былі вельмі паспяховымі", — заявіў БелаПАН адзін з фігурантаў справы Андрэй Кім.

Паводле яго слоў, вызваленне палітзняволеных не з'яўляецца галоўным фактарам лібералізацыі. "Гэта касметычная лібералізацыя, заўтра ў нас зноў могуць з'явіцца палітычныя зняволеныя. Аднак з'явіліся людзі, якія могуць стаць рухавіком нейкіх станоўчых працэсаў", — сказаў А.Кім.

"Мяне прыемна здзівіла акцыя прадпрымальнікаў 10 студзеня, — зазначыў яшчэ адзін фігурант гэтай справы Аляксандр Баразенка.
— Я не чакаў, што гэтыя людзі, гэты сацыяльны слой, зможа настолькі ўзняцца, праявіць такую салідарнасць і настолькі адкрыта і бясстрашна выступіць".

"Астатнія ўражанні ад года хутчэй адмоўныя — спачатку тэрмін "на сутках", потым крымінальны працэс. Але станоўчы момант у гэтым ёсць — я ўсё-такі знайшоў у сабе смеласць вярнуцца ў Беларусь і праявіць такім чынам салідарнасць са сваімі сябрамі, нават адседзеўшы ў турме. Гэта было вельмі цяжкае рашэнне, але я да яго ўсё-такі прыйшоў", — сказаў А.Баразенка.

Для прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча самай яркай падзеяй 2008 года таксама сталі акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. "Яны паказалі, што Лукашэнка ўжо не можа трымаць краіну. Грошы шукаць усё цяжэй — апошнія падзеі з атрыманнем крэдытаў гэта паказалі наглядна. Даводзіцца даваць менш грошай на ўтрыманне сваіх чыноўнікаў — а гэта таксама выклікае незадаволенасць. Засталося яшчэ крышку — і пытанне вырашыцца", — лічыць С.Парсюкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?