Каляднае пасланьне духоўнага лідэра беларусаў замежжа, апостальскага візытатара для беларусаў‑каталікоў замежжа айца Аляксандра Надсана.

Фота Юліі Дарашкевіч

Недзе 20 гадоў таму Папа Ян Павал ІІ склікаў у Асізі, горадзе святога Францішка, прадстаўнікоў усіх рэлігіяў, каб памаліцца за супакой на свеце. У прывітальным слове Папа зазначыў, што ўсе рэлігіі, не толькі хрысціянская, сведчаць пра найвышэйшую духоўную рэальнасць, якая пераўзыходзіць рамкі гэтага бачнага свету. Далей, аднак, Папа прадаўжаў: «Сказаўшы гэта, я павінен з пакораю сцвердзіць, што імя супакою — Ісус Хрыстос».

Міжволі прыгадваецца беларускі святар Кастусь Стаповіч, ён жа паэт Казімір Сваяк, які 60 гадоў раней, у 1925 годзе, за некалькі месяцаў да сваёй перадчаснай смерці ў вершы «Веру не розуму проці» з вялікай сімпатыяй, разуменнем апісаўшы ранейшыя, дахрысціянскія вераванні беларусаў, што жылі ў народных абрадах Радаўніцы, Купалля, Дзядоў, Калядаў сканчае наступным чынам:

    «А Хрыстос дзе?» — пытаеш ты з усьмешкай,
    Бо не відаць, дзе Ягонае месца тут.

І адказвае:

    Ня будзе, не! — Сын Божы нам замешкай,
    Бо толькі Ён вядзе ў Абсалют,
    Бо толькі Ён і Праўда, і Дарога,
    Жыцьця бяду й сьмерць Ён зваяваў.
    І толькі Ён пазнаў самога Бога,
    І сьвету від Ягоны паказаў.

Сказанае Янам Паўлам ІІ і Сваяком пераклікаецца са словамі сьвятога Апостала Паўла, пераклікаецца са словамі святога Апостала Паўла, які пісаў: шматразова і рознымі спосабамі некалі Бог прамаўляў да айцоў праз прарокаў, а ў канцы прамовіў да нас праз Сына, Якога ўстанавіў спадкаемцам усяго і праз якога вякі стварыў.

Вось тры сведчанні пра Ісуса Хрыста, як пра аб’яўленне Бога і дарогу да жыцця. Ян Павал ІІ атаясамлівае Яго з супакоем. Часта для нас супакой азначае адсутнасць якой-колечы дзейнасці, але гэта не сапраўдны супакой, гэта супакой магільны, запярэчанне жыцця.

Сапраўдны супакой — гэта жыццё, гэта гарманічнае развіццё нашых духоўных магчымасцяў дзеля асягнення апошняй і адзінай мэты — Бога,
крыніцы жыцця, згодна са словамі святога Аўгустына: «Стварыў Ты мяне, Божа, і неспакойна сэрца маё, пакуль не спачне ў Табе».

Згодна з евангельскім аповедам, пры нараджэнні Хрыста быў чутны спеў на небе: «Слава на вышынях Богу, супакой на зямлі, добрая воля сярод людзей».

Сапраўдны супакой магчымы толькі пры наяўнасці добрай волі, гэта значыць, пачуцця добразычлівасці да іншых, жадання дабра ўсім.
Без яе можам мець у найлепшым выпадку вонкавы парадак, заснаваны на сіле і страху, а дзе сіла і страх, там ужо адзін крок да злосці і нянавісці, якія супярэчаць супакою і з’яўляюцца прычынай нашых няшчасцяў. Дык у гэты дзень, калі мы ўспамінаем прыйсце на свет Сына Божага, будзем маліць Яго, каб Ён у сваёй дабрыні даў пасяліцца ў сэрцах нашых Ягонаму супакою, што перавышае ўсякае ўяўленне і з’яўляецца асноваю сапраўднага шчасця, як асабістага, так і грамадскага.

Жадаю ўсім правесці добра Святыя Каляды і спаткаць Новы год!

Айцец Аляксандар Надсан, Лёндан, 2008

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0