Пасля трагедыі ў стаўбцоўскай школе ва ўстановах адукацыі Баранавічаў узмацняюць меры бяспекі, а таксама робяць больш жорсткім кантрольна-прапускны рэжым.

У рэдакцыю газеты Intex-press 28 лютага звярнуліся бацькі сярэдняй школы №15. Яны распавялі, што з учорашняга дня іх дзеці могуць зайсці ў школу, толькі папярэдне пазваніўшы.

— Пра гэта мне расказала дзіця, — паведаміла Intex-press Юлія, дачка якой вучыцца ў чацвёртым класе. — Яна прыйшла ў школу, пачала цягнуць дзверы, але не змагла адчыніць. Потым убачыла званок, націснула на яго, і толькі пасля гэтага дзверы адкрылі работнікі школы.

Як растлумачылі ў сярэдняй школе №15, электрамагнітная кнопка на ўваходзе ўстаноўлена для ўзмацнення мер бяспекі. Яшчэ раней у будынку ўжо была ўсталяваная трывожная кнопка.

— У нашай школе электрамагнітныя замкі ўстаноўлены і працуюць з 27 лютага. Гэта, па сутнасці, тая ж дамафонная сістэма, — распавёў Intex-press Мікалай Хітрык, дырэктар школы №15. — Вучні, настаўнікі і бацькі, перш чым зайсці ў будынак, павінны патэлефанаваць у званок, што ўсталяваны ля ўваходу. Работнікі школы па відэасувязі глядзяць, хто прыйшоў і толькі потым могуць разблакаваць дзверы.

У Баранавіцкім аддзеле Дэпартамента аховы МУС паведамілі Intex-press, што ва ўсіх школах горада для абароны навучэнцаў і педагогаў устаноўлены ахоўна-пажарная і трывожная сігналізацыя, стаяць відэакамеры. У найбліжэйшы час спецыяльныя трывожныя кнопкі таксама з'явяцца ў дашкольных установах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?