Чым здольная Беларусь прывабіць інтурыстаў? Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Ясна, чым! Аднавіць галоўны атракцыён краіны – намётавае мястэчка апазыцыі (бонус – тур на Акрэсьціна).

У думках пагартаў старонкі Кнігі скаргаў і прапановаў, якую музэйна-забаўляльны комплекс экстрэмальнага турызму «Намётавы лягер апазыцыі» будзе абавязкова мець, як паважная ўстанова.

«...Я аматар экстрэмальнага турызму, звычайна падчас вакацыяў бегаю ад людажэраў на высьпе Барнэо або жыву ў заапарку ў вальеры са скунсамі. Паслухаўшы байкі сяброў, гэтым сэзонам наведаў Беларусь, ваш комплекс. Шчыра кажучы, я ў захапленьні. Спадабаўся атракцыён «Пранос бутэрбродаў у лягер праз кардон міліцыянтаў». Каскад андрэналіну!

Мішэль З., грамадзянін Канады».

«...Калі наша фірма збанкрутавала, страціў жыцьцёвы тонус, доўга не знаходзіў сабе месца. Думаў нават скончыць жыцьцё самагубствам. Тыдзень у «Лягеры апазыцыі» навучыў мяне мужна прымаць удары лёсу. Кожны момант, калі супрацоўнік атракцыёну, якога граў Паўлічэнка, рабіў мне «ластаўку», я думаў, што аддам богу душу. Аднак выжыў і зараз гатовы з новымі сіламі вярнуцца ў соцыюм.

Беспрацоўны (часова) Ісыдор з Гішпаніі».

«Я Жан-Мары з Бэльгіі. Люблю эксцэнтрычны сэкс, звычайна тусуюся ў Тайляндзе. Пажыў у лягеры. Сто разоў на дзень хадзіў тыды-сюды, каб атрымаць ад міліцыянтаў сэанс надзвычайнага масажу пад прыклёпам догляду па падазрэньні, што нясу апазыцыянэрам ежу. Гэта проста фантастыка!!!»

«...Вельмі прыкалоў атракцыён «Судовы працэс», дзе мяне судзілі за брыдкую лаянку. Ледзь не памёр ад сьмеху. Сапраўдны цырк!

Прафэсійны комік Эдзі Мэрфі».

«Тыдзень на Акрэсьціна – і быццам дагэтуль паўгоду не тырчэла штодня ў «Бургеркінгу». Вяртаюся на радзіму, каб за год вывучыць шмат лёзунгаў беларускай апазыцыі, бо наступным сэзонам хачу прыехаць на ваш атракцыён і атрымаць ня дзесяць сутак за лаянку матам, а пайсьці на ўсю катушку – паўгоду за антылукашэнкаўскія графіці.

Будучая мадэль Шарлота Б. (штат Паўночная Дакота)».

«...Дзякуй за навуку: цяпер мы ведаем, што падабаецца іншаземцам. Абавязкова арганізуем у сябе пастановачныя бойкі паміж дэманстрантамі і байцамі АМОНу.

Дырэктар музэйнага комплексу «Лінія Сталіна» Сяргей П.».

«...Лягер – адстой. Чаму на яго тэрыторыі забаронена піць гарэлку?

Група турыстаў з Бранску».

«...Усё было па кайфе. Асабліва запомніліся моманты, калі людзі ў цывільным падкідвалі нам наркотыкі. Поўны ўлёт.

Група нарыкаў з Амстэрдаму».

«...Што за чмо выконвае ў лягеры ролю Сіўчыка? Я ж абсалютна іншы.

Былы намесьнік камэнданта намётавага мястэчка Вячаслаў Сіўчык».

«...Выражаю падзяку калектыву комплексу «Намётавы лягер апазыцыі» за добрую працу, якая спрыяе папаўненьню бюджэту замежнай валютай. На бліжэйшым паседжаньні Саўміну абавязкова разгледзім пытаньне аб стварэньні такіх самых мястэчак ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама на возеры Нарач.

Прэзыдэнт РБ Аляксандар Л.».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0