Лідэры МФ просяць непаўналетніх спыніць галадоўку

Моладзевага актывіста Яўгена Мядзьведзева з Салігорску змусілі спыніць галадоўку 31 траўня, пагражаючы ягоным бацькам. У гэты ж дзень да галадоўкі ў Салігорску далучыліся Ўладзімер Валодзька й актывіст АГП Уладзімер Лемеш.

1 чэрвеня ў Лідзе да галадоўкі далучыўся Сяргей Чайка, у Горадні – Ганна Фаміна. Па выхадзе з турмы ў Менску да галадоўкі далучыліся Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч. У Жодзіне галадоўку распачалі Барыс Бабкоў, Зьміцер Чарткоў, Настасься Шымко, Сяржук Давыдзенка, у Салігорску – Глеб Сандрас, Дзяніс Карноў.

У Берасьці 1 чэрвеня за «несанкцыяванае рэлігійнае мерапрыемства» затрымалі ўдзельнікаў «Вахты памяці» з удзельнікамі галадоўкі Натальлю Касьцюковіч, Юр’я Бакура, Юр’я Кліменку (ім вынесьлі папярэджаньні), аўтарку «НН» Наталку Харытанюк, Андрэя Шарэнду: маладыя людзі сядзелі на зямлі й моўчкі чыталі Біблію.

2 чэрвеня да галадоўкі далучыліся Сяржук Гудзілін, Яўген Ваўкавец, Павал Каранюхін з Жодзіна й Кірыла Шымановіч зь Менску. Салігорскіх галадоўнікаў 2 чэрвеня наведалі прадстаўнікі АБСЭ.

5 чэрвеня да галадоўкі далучыліся Валер Мацкевіч з Бабруйску, Наста Азарка зь Нясьвіжу, непаўналетняя Віка Кутырла з Жодзіна, актывістка АГП Ірына Качарова з Магілёва.

Кіраўніцтва «Маладога фронту» 5 чэрвеня зьвярнулася да непаўналетніх удзельнікаў галадоўкі з просьбай выйсьці з акцыі. Галадоўку спыніў 13-гадовы Ільля Шыла.

30 траўня: штраф за ўлёткі

Стала вядома, што 28 траўня адміністратара сайту smorgon.org Зьмітра Вянска, які адбыў 10 сутак арышту за ўдзел у намётавым мястэчку й быў адлічаны з журфаку БДУ, высадзілі зь цягніка, які ехаў зь Літвы ў Беларусь: ягонае імя было ў нейкім спэцсьпісе. Памежнікі правялі догляд хлопца й зьнялі копіі зь ягонага тэлефоннага нататніка й сшытка з асабістымі запісамі.

Штраф у 5 базавых велічыняў за распаўсюд звароту прафсаюзу РЭП накладзены на актывіста прафсаюзу Аляксандра Еўсейчука, 29 траўня быў скасаваны рашэньнем Чыгуначнага суду Гомелю. Акрамя таго, суд вынес прыватнае вызначэньне на адрас капітана міліцыі Навумава за парушэньне правоў Еўсейчука.

Суд Першамайскага раёну Віцебску 30 траўня аштрафаваў журналіста Вадзіма Баршчэўскага на 5 б.в. за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі»: 31 сакавіка яго затрымалі падчас перавозкі ўлётак «Народны кантроль» з апісаньнем падзеяў 25 сакавіка ў Менску.

2 чэрвеня: затрыманьні

У цэнтры Менску затрыманыя моладзевыя актывісты Ірына Завадзкая, Кацярына Фурса, Тацяна Камкара, Юлія Гарачка, Сяргей Рогач, Мікіта Баталаў, Яўген Рэнгорд, Марыя Крайкова, Яўген Лясенка: у іх на вопратцы былі значкі «За свабоду».

У Горадні ў Кастрычніцкую пракуратуру на допыт у справе «Маладога фронту» выклікалі студэнтку ўнівэрсытэту Вольгу Палуйчык. Раней у гэтай справе яе дапытваў КДБ.

Беспрацоўную Натальлю Бордак зь Сьветлагорску, якая мае на ўтрыманьні сына-школьніка й дачку-студэнтку, выклікалі ў суд і папярэдзілі, што яна абавязаная выплаціць штраф: падчас выбарчай кампаніі яе аштрафавалі на 2 б.в.

5 чэрвеня: Аўтуховіч шпіталізаваны

Як стала вядома ад Ганны Сіўчык, яе муж Вячаслаў Сіўчык яшчэ 19 траўня завочна асуджаны на 10 сутак арышту за «ўдзел у несанкцыяванай акцыі».

Сержука Нягаціна дапыталі ў магілёўскай пракуратуры як сьведку ў справе «Маладога фронту».

У Жлобіне на 2 б.в. адміністрацыйная камісія аштрафавала моладзевага актывіста Эдварда Зелянкова за «незаконны распаўсюд друкаваных выданьняў».

Мікалая Аўтуховіча не прывезьлі з турмы ў суд з увагі на стан здароўя: ён шпіталізаваны. 164 жыхары Ваўкавыску напісалі ліст да прадпрымальніка з просьбай спыніць галадоўку.

У суд Цэнтральнага раёну перададзеная крымінальная справа ў дачыненьні да лідэраў арганізацыі незалежных назіральнікаў «Партнэрства» Мікалая Астрэйкі, Эніры Браніцкай, Аляксандра Шалайкі, Цімоха Дранчука, Дзяніса Нібійка.

Пракуратура Маскоўскага раёну Менску адмовілася пачынаць крымінальную справу па факце парушэньняў правоў журналістаў работнікамі праваахоўных органаў 2 сакавіка ў сувязі з «адсутнасьцю складу злачынства». Афіцыйны адказ ГА «БАЖ» атрымала ад пракурора В.Жынгеля.

У цэнтры Менску на плошчы Каліноўскага (Кастрычніцкай) затрыманыя Аляксей Казулін, Кацярына Фурса, Кастусь Вусянок, Сяргей Ількевіч, Настасься Коршун, Юлія Гарачка й іншыя моладзевыя актывісты (каля 10 чалавек), якія мелі зладзіць акцыю салідарнасьці з абаронцамі намётавага мястэчка з Расеі ды Ўкраіны, дэпартаваных зь Беларусі бяз права прыезду. А.Казулін пасьпеў паведаміць, што яму падкінулі наркотыкі.

Магілёўскі гарвыканкам адмовіўся рэгістраваць гарадзкую суполку прафсаюзу РЭП: прафсаюзныя лідэры даведаліся пра гэта праз 3,5 месяца пасьля падачы дакумэнтаў, а ня ў месячны тэрмін, адведзены законам. Фармальнай нагодай для адмовы стала адсутнасьць дакумэнту, які пацьвярджаў бы ўзгадненьне юрыдычнага адрасу, хаця суполка мела дамову на арэнду офісу ў цэнтры гораду.

АШ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0