У ліпені 1920 г. адбылося другое абвяшчэнне БССР. Гэта быў лапік зямлі вакол Менска, Слуцку і Бабруйска.«Далі шэсць паветаў - ну і дзякуй за гэта», сказаў паэт. У 1924 г. адбылося першае ўзбуйненне.У 1926 аддалі ваколіцы Гомеля і Рэчыцы У 1939 г. да БССР была далучаная Заходняя Беларусь, хоць Беласточчыну ў 1944 г. вярнулі палякам.

У ліпені 1920 г. адбылося другое абвяшчэнне БССР. Гэта быў лапік зямлі вакол Менска, Слуцку і Бабруйска.
«Далі шэсць паветаў - ну і дзякуй за гэта», сказаў паэт. У 1924 г. адбылося першае ўзбуйненне.
У 1926 аддалі ваколіцы Гомеля і Рэчыцы
У 1939 г. да БССР была далучаная Заходняя Беларусь, хоць Беласточчыну ў 1944 г. вярнулі палякам.

Утварэнне Беларускай ССР: унутраныя i знешнiя фактары. Піша ў «Звяздзе» акадэмік Міхаіл Касцюк.

Нацыянальнае пытанне, як i аграрнае, былi самымi вострымi i надзённымi з самага пачатку ўсталявання бальшавiцкага праўлення ў кастрычнiку 1917 г. у Расii, на яе ўскраiнах, у тым лiку ў Беларусi. Таму гэта знайшло адлюстраванне ў самых першых дзяржаўных актах новай улады. Прынятыя дакументы — «Дэкларацыя правоў народаў Расii», «Дэкларацыя правоў працоўнага i эксплуатуемага народу» i iншыя — закладвалi асновы савецкай нацыянальнай палiтыкi.

Гiбкасцi i нават прываблiвасцi бальшавiцкай нацыянальнай палiтыкi для часткi працоўнага насельнiцтва ў першыя гады савецкага праўлення садзейнiчала дзяржаўнае будаўнiцтва на нацыянальных ускраiнах у форме савецкiх рэспублiк. Гэтым самым не толькi пэўным чынам задавальнялiся нацыянальныя памкненнi некаторых пластоў насельнiцтва, але i стваралася аснова для ўмацавання савецкай улады, пашырэнне яе сацыяльнай апоры.

Зыходзячы з гэтых i iншых падыходаў, ужо ў снежнi 1917 г. узнiкла Украiнская савецкая рэспублiка, а да канца лiстапада 1918 г. былi створаны савецкiя рэспублiкi ў Эстонii, Латвii, Лiтве. Беларусь пакуль выпадала з гэтага ланцуга па прычыне акупацыi значнай яе часткi нямецка‑кайзераўскiмi войскамi, а таксама пазiцыi яе бальшавiцкiх кiраўнiкоў, у першую чаргу А. Мяснiкова, якiя, уваходзячы ў выканаўчы савецкi орган — Аблвыкамзах, лiчылi, што iснаванне нацыянальных рэспублiк раз’ядноўвае сiлы працоўных i наносiць шкоду iнтарэсам сусветнай рэвалюцыi.

У той час, ва ўсякiм разе ў канцы лiстапада 1918 г., калi кайзераўскiя войскi ў сувязi з рэвалюцыяй у Германii пакiдалi Беларусь i сюды ўступалi фармiраваннi Чырвонай Армii, гэтыя намеры кiраўнiкоў Аблвыкамзаха супадалi з пазiцыяй дзяржаўных органаў РСФСР i кiраўнiцтва РКП(б). Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца тэлеграма У. Ленiна галоўнакамандуючаму савецкiмi рабоча‑сялянскiмi войскамi I. Вацэцiсу. Яна была накiравана 29 лiстапада 1918 г.

У ёй гаварылася:«С продвижением наших войск на запад и на Украину создаются областные временные Советские правительства, призванные укрепить Советы на местах. Это обстоятельство имеет ту хорошую сторону, что отнимает возможность у шовинистов Украины, Литвы, Латвии, Эстляндии рассматривать движение наших частей, как оккупацию, и создает благоприятную атмосферу для дальнейшего продвижения наших войск. Без этого обстоятельства наши войска были бы поставлены в оккупированных областях в невозможное положение, и население не встречало бы их, как освободителей. Ввиду этого просим дать командному составу соответствующих воинских частей указание о том, чтобы наши войска всячески поддерживали временные Советские правительства Латвии, Эстляндии, Украины и Литвы, но, разумеется, только Советские правительства».

Змест тэлеграмы, напiсанай, як вядома, I. Сталiным з дапаўненнямi У. Ленiна, не можа не выклiкаць пытанне: чаму ў ёй не згадваецца Беларусь, якая была ў цэнтры двойчы пералiчаных у яе тэксце тэрыторый.

Такi падыход не падзялялi нацыянальныя беларускiя дзеячы, якiя ўваходзiлi ў Белнацкам i ў беларускiя секцыi РКП(б). Аб гэтым, у прыватнасцi, сведчыў В. Кнорын, якi па гарачых слядах падзей, у вераснi—кастрычнiку 1918 г. падрыхтаваў i ўпершыню надрукаваў у газеце «Звезда» артыкул «Восемь месяцев Советской Белоруссии».

У iм сцвярджалася, што бальшавiкi, аб’яўляючы самастойную БССР, супрацьпастаўлялi яе БНР, не дапускаючы магчымасцi выкарыстання працiўнiкамi заклiку самавызначэння народаў. Па словах аўтара артыкула, Дз. Жылуновiч i яго паплечнiкi не маглi прымiрыцца з такой палiтыкай, таму што для iх «самастойнасць Беларусi не была толькi пустым гукам».

Група камунiстаў‑беларусаў, на думку аўтара, «да мазга касцей была прасякнута iдэяй нават не тэрытарыяльнай, а беларуска‑нацыянальнай дзяржаўнасцi…
Для iх, у большасцi былых грамадаўцаў (Дыла, Квачанюк, Фальскi i iншыя), зусiм не зразумелай была iнтэрнацыяналiсцкая палiтыка Камунiстычнай партыi (бальшавiкоў) Беларусi, i яны (Жылуновiч, Шантыр i iнш.) задавалiся думкаю арганiзацыi ў працiвагу ёй сваёй беларускай Камунiстычнай партыi…».

Далей В. Кнорын канстатаваў, што ўся савецкая iх дзейнасць была падпарадкавана задачам нацыянальным. Гэта ўжо выявiлася пры арганiзацыi самога ўрада.

Iх пазiцыя ў рэшце рэшт стала важкiм унутраным фактарам, да якога прыслухалiся кiраўнiкi РКП(б) i РСФСР.
Паказальная ў гэтых адносiнах размова па тэлеграфе памiж Народным камiсарам па справах нацыянальнасцяў РСФСР I. Сталiным i кiраўнiком бальшавiцкiх аранiзацый Беларусi А. Мяснiковым. Яна адбылася 25 снежня 1918 г. У яе пачатку I. Сталiн паведамiў, што ЦК партыi вырашыў па многiх меркаваннях, пра якiя цяпер гаварыць не даводзiцца, пагадзiцца з беларускiмi таварышамi на стварэнне Беларускага савецкага ўрада. Пытанне гэта вырашана i абмяркоўваць ужо не даводзiцца.

У гэты час кiраўнiкамi РКП(б) i ўрада РСФСР ужо фактычна была выпрацавана пазiцыя аб утварэннi Беларускай рэспублiкi на савецкай аснове. Несумненна, што важную ролю ў гэтым адыграла аб’яўленне 25 сакавiка 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублiкi як незалежнай i вольнай дзяржавы.

Але ўсё ж такi ўзнiкае прынцыповае пытанне: што здарылася за першыя тры тыднi снежня 1918 г., ад прыведзенай тэлеграмы У. Ленiна — I. Вацэцiсу, накiраванай 29 лiстапада, i да прыняцця ў пачатку трэцяй дэкады снежня гэтага ж года рашэння ЦК РКП(б) аб стварэннi Беларускага савецкага ўрада? Ва ўнутрыпалiтычным жыццi савецкай Расii i на беларускiх тэрыторыях, якiя займала Чырвоная Армiя, нiчога асаблiвага не адбылося.

А за мяжою?
А там рабiлiся значныя захады, скiраваныя супраць бальшавiцкага праўлення ў Расii, Беларусi, iншых месцах i яго распаўсюджання на Захад. Коратка адзначым некаторыя з iх у храналагiчнай паслядоўнасцi.

Па‑першае, гэта тое, што адбывалася актыўнае фармiраванне адзiнага антысавецкага фронту на беларуска‑лiтоўскiх землях, вялася мабiлiзацыя заходнееўрапейскай грамадскай думкi ў падтрымку дамаганняў адноўленай Польскай дзяржавы ў адносiнах да яе ўсходнiх суседзяў. Гэтаму садзейнiчалi буйныя польскiя землеўласнiкi, якiя знаходзiлiся ў кантакце з Польскiм нацыянальным камiтэтам, што месцiўся ў Парыжы. У вынiку 6 снежня 1918 г. у Варшаве быў арганiзаваны Саюз палякаў беларускiх крэсаў. Быў таксама створаны Камiтэт абароны крэсаў. Пры гэтым выказвалася цвёрдае перакананне ў тым, што беларуска‑лiтоўскiя землi, якiя ўваходзiлi ў склад Рэчы Паспалiтай да яе падзелаў, павiнны быць зноў ёй вернуты.

Па‑другое, асiгноўвалiся значныя матэрыяльныя i фiнансавыя сродкi для рэалiзацыi вызначаных палiтычных i ваенных мэтаў. 12 снежня 1918 г. польскi ўрад выдзелiў 12 млн марак Камiтэту абароны ўсходнiх зямель для фармiравання вайсковых часцей з польскага насельнiцтва Беларусi i Лiтвы ў «мэтах супрацьдзеяння бальшавiкам». Польскi Генштаб падтрымлiваў iдэю стварэння на ўсход ад польскай этнаграфiчнай мяжы «скрытых ваенных атрадаў самааховы». Прад’яўлялiся прэтэнзii на беларускiя тэрыторыi, занятыя ў канцы 1918 г. Чырвонай Армiяй. У гэтых месцах нават стваралася польская адмiнiстрацыя. Больш за тое, 21 снежня 1918 г. Ю. Пiлсудскi зрабiў паведамленне, што «польскi ўрад прыняў рашэнне акупаваць» гэтыя тэрыторыi. Для гэтай мэты сюды была накiравана лiтоўска‑беларуская дывiзiя.

Па‑трэцяе, гэтыя ваенныя намеры i нават дзеяннi адноўленай Польскай дзяржавы дапаўнялiся мiжнароднымi акцыямi. Iх падтрымлiвалi заходнiя краiны, у першую чаргу Францыя. 20 снежня 1918 г. Мiнiстэрства замежных спраў гэтай дзяржавы ў мемарандуме пад назвай «Метады дзеянняў у Польшчы. Неабходнасць моцнай Польшчы» iмкнулася абгрунтаваць тэзiс — чаму для саюзнiкаў трэба ў найкарацейшы тэрмiн стварыць моцную Польшчу.

Адзначым, што ваенныя прыгатаваннi Польшчы былi маштабнымi, яе фармiраваннi меркавалася давесцi да 300 тыс. чалавек.

Гэтыя i iншыя знешнепалiтычныя абставiны сур’ёзна сведчылi савецкаму боку аб пагрозе новага ваеннага супрацьстаяння, чарговай вайны, на гэты раз з адроджанай Польшчай — другой Рэччу Паспалiтай. Аб гэтым, несумненна, было вядома кiраўнiкам РКП(б) i РСФСР. Да iх гэта даводзiў, у першую чаргу, Наркамат замежных спраў РСФСР, а таксама iншыя крынiцы.

У такiх абставiнах неабходна было стварыць на Захадзе суцэльны ланцуг з савецкiх рэспублiк, якi б адгароджваў РСФСР ад ваенных памкненняў Польскай дзяржавы. На той час у гэтым ланцугу, як вядома, не хапала беларускага звяна.

Гэты знешнепалiтычны фактар, як уяўляецца, i з’явiўся непасрэдным штуршком да тэрмiновага прыняцця ЦК РКП(б) рашэння аб стварэннi Беларускай ССР. Гэтым актам у суцэльную паласу з савецкiх рэспублiк Украiны, Лiтвы, Латвii, Эстонii ўключалася i Беларусь. Такiм чынам стваралася суцэльная заслона, якая аддзяляла савецкую Расiю ад Польшчы i iншых краiн Цэнтральнай i Заходняй Еўропы.

Прынятае рашэнне ў пачатку 1919 г., пасля аб’яўлення аб утварэннi Сацыялiстычнай Савецкай Рэспублiкi Беларусь, растлумачвалi партыйныя работнiкi расiйскага i беларускага ўзроўняў. Так, прадстаўнiк ЦК РКП(б) у Беларусi А. Iофэ ў гэтай сувязi казаў: «Каб не паўтараць памылак, калi нам непасрэдна прыходзiлася весцi барацьбу з германскiм iмперыялiзмам, мы ў ЦК вырашылi Савецкую Расiю аддзялiць буферамi ад Еўропы. Але каб гэта не быў буфер, якi аддзяляе нас. Ён павiнен стрымлiваць iмперыялiстычны нацiск, якi будзе, каб гэты нацiск знаходзiў бар’ер i аслабляў бы сваю сiлу».

На Вiцебскай губернскай партыйнай канферэнцыi, што праходзiла ў студзенi 1919 г., член Цэнтральнага Бюро КП(б)Б Р. Пiкель выказаў думку, што абвяшчэнне БССР палегчыць класавую барацьбу пралетарыята з буржуазiяй i што гэта абумоўлена кан’юнктурай моманту.

У той час гэтая пазiцыя знаходзiла адлюстраванне на старонках бальшавiцкага перыядычнага друку. У прыватнасцi, у газеце «Звезда» адзначалася, што Беларусь павiнна пакуль застацца самастойнай, бо так яна прынясе больш карысцi справе сацыялiстычнай рэвалюцыi.

Мiхаiл Касцюк, акадэмiк НАН Беларусi, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0