Як стала вядома «Нашай Ніве», інцыдэнт адбыўся ўвечары 2 сакавіка.
Віктар К., адзін з удзельнікаў бойкі, распавёў сваю версію падзей:
«Я вяртаўся з касцёла, выйшаў на прыпынку каля Дома быту на вуліцы Маскоўскай, каб перасесці на іншы маршрут.
Гляджу, ідзе мужчына ў нейкай казацкай форме. Штаны адпаведныя, папаха з кукардай нейкай… Я вырашыў яго сфатаграфаваць, — распавёў Віктар. — Той мужчына заўважыў гэта, падышоў да мяне. Кажа: «Ведаеш, што за гэта бывае?».
Я пытаюся: «У чым праблема?»
Ён адказвае: «За такое тэлефоны б’юць!»
Я кажу: «Ты адэкватны ўвогуле?»
Тады ён ударыў мяне па руцэ, у якой быў тэлефон, і выбіў яго. Я яго адштурхнуў і скінуў з галавы папаху. Пачалася бойка».
Па словах Віктара, калі ён счапіўся з казаком, то пачаў крычаць людзям на прыпынку, каб тыя выклікалі міліцыю.
Але міма праязджала міліцэйская машына, якая спынілася, калі кіроўца заўважыў бойку. Віктара і яго апанента забралі ў пастарунак.
Пасля выходных Віктар зняў пабоі і напісаў на «казака» заяву. Мужчына ўпэўнены, што напад — гэта хуліганства, якое мусіць быць пакарана.
«Мне тэлефанаваў участковы, казаў, што той «казак» — Ігар С. — прапанаваў прымірыцца. Але я адмовіўся, сказаў, што буду пісаць заяву. Лічу, што гэта замоўчваць не трэба. Гэта неадэкватныя паводзіны», — кажа Віктар.
Па інфармацыі Віктара, цяпер «казак» Ігар С. таксама напісаў на яго заяву ў міліцыю.
«Наша Ніва» будзе сачыць за развіццём падзей. Звязацца з Ігарам С. пакуль не атрымалася.