Беларуская дэлегацыя 30 снежня праводзіць у Маскве перамовы аб цане на газ на 2009 год, паведаміў афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў.

«Беларуская дэлегацыя праводзіць перамовы. Сёння прыехалі», — цытуе С.Купрыянава РІА Новости.

Пра тое, што перамовы павінны адбыцца да канца года, заяўляў і беларускі, і расійскі бакі.

«Перамовы «Газпрома» і Беларусі аб умовах паставак газу ў 2009 годзе пройдуць да канца снежня», — сказаў С.Купрыянаў 24 снежня.

«Пагадненне аб цане на газ у 2009 годзе Беларусь разлічвае падпісаць да канца снежня», — паведаміў у той жа дзень на прэс‑канферэнцыі ў Мінску першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Белтрансгаз» Цвітамір Сарахан. «Два прэзідэнты знайшлі падыходы цэнаўтварэння на 2009 год, якія задавальняюць абодва бакі, — сказаў Ц.Сарахан. — Пакуль ідуць перамовы, я не магу называць нейкія каэфіцыенты, падыходы і іншыя моманты, што тычацца формулы цаны і разлікаў цаны на газ».

У пачатку 2009 года цана на расійскі газ для Беларусі будзе вышэйшая за цяперашнюю (127,9 долара за тысячу кубаметраў), але затым будзе зніжацца, заявіў С.Купрыянаў 27 снежня ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы».
«Будзе цана першага квартала, якая пасля будзе паніжацца. Я цяпер не гатовы каментаваць параметры, у 2,5 або 3 разы, паводле формулы будзе разлічвацца. Але цана будзе на працягу года, сапраўды, паніжацца», — сказаў С.Купрыянаў. Прадстаўнік «Газпрома» нагадаў, што два гады таму з Беларуссю быў падпісаны пяцігадовы кантракт, які прадугледжваў пераход на вызначэнне цаны «не шляхам штогадовых перамоў, а паводле формулы, якая звязана з цаной нашых фактычных паставак у еўрапейскія краіны за папярэдні год; на падставе гэтых цэн паводле формулы вылічваецца цана першага квартала наступнага года, якая пасля, на працягу года, штоквартальна карэктуецца ў залежнасці ад таго, як мяняюцца цэны на нафтапрадукты на сусветных біржах».

«Ёсць дамоўленасці адносна таго, што кантракт дзейнічае, формула дзейнічае, але будуць нейкія карэкціроўкі, — паведаміў С.Купрыянаў. — Якія — мы зможам сказаць, калі мы падпішам адпаведныя паперы. Але цана будзе для Беларусі крыху ніжэйшая, чым гэта атрымлівалася згодна з першапачатковым кантрактам. Мы разумеем, што важна не толькі ўстанавіць цану, але важна яшчэ і грошы атрымаць. Таму і ідзем тут на пэўныя кампрамісы».

23 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на працягу 2009 года цана на расійскі газ будзе зніжана ў 2,5—3 разы.

Беларускі бок інфармацыю пра сённяшнія перамовы пакуль не каментуе.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0