Міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў заявіў, што не пойдзе ў адпачынак, пакуль не будзе раскрыта злачынства, звязанае з выбухам у ноч на 4 ліпеня ў Мінску.

Ён адзначыў, што ў звязку з гэтым будуць рабіцца «дастаткова сур’ёзныя» захады дзеля бяспекі падчас навагодніх святаў.

Міліцыя пераведзена на ўзмоцнены рэжым службы з 24 снежня.

У. Навумаў таксама адзначыў, што 2008 год быў «самым удалым па крымінагеннай сітуацыі за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі».

Аднак ён лічыць, што не ўдалося вырашыць праблему бяспекі дарожнага руху. Таксама сур’ёзнай праблемай застаецца алкагалізацыя насельніцтва і звязаная з ёю злачыннасць.

Паводле міністра Навумава, пакуль на крымінагенную сітуацыю ў краіне асабліва не ўплывае сусветны фінансавы крызіс. Спадар Навумаў мяркуе, што, нягледзячы на фінансавыя праблемы ў свеце, у Беларусі «колькасць цяжкіх злачынстваў будзе скарачацца».

«З другога боку, я хацеў бы, каб фінансавы крызіс закрануў пэўныя слаі насельніцтва, і яны перасталі піць», — сказаў міністр.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0