Ізноў нам кажуць, што мы «нахлебнікі», што нам выдзяляюцца «датацыі» і надаецца «падтрымка». Пры гэтым незразумела, падтрымка чаго? Вы ж кантракты самі падпісвалі. І дамовы. Якая падтрымка? Вы калі квіток купілі са зніжкаю на самалёт у Маскву, гэта вас «Белавія» падтрымлівае? У адказ чуецца мармытанне пра нейкі «рынкавы кошт». Які? У Ротэрдаме? Кушынгу? Персідскай затоцы?

Давайце памяняем формулы і будзем лічыць ад рынкавага кошту. Не, адказваюць бухгалтары-пачаткоўцы, рынкавы кошт — гэта тое, што мы назвалі рынкавым коштам. Добра, поспехаў вам з такою логікай у любым міжнародным арбітражы. Як нехта казаў, ад дохлага асла вушы. Суды з Украінаю ўжо гэта прадэманстравалі.

Аўтар, як кажуць падлеткі, яшчэ такі стары, што памятае, што было ўчора. А ў 2003-м адзін сапраўдны палкоўнік прапанаваў нам увайсці ў склад ці то адной рэспублікай, ці то шасцю абласцямі. Бо там былі выбары, хацелася пафаснай перамогі. Выбары ён выйграў, а мы не ўвайшлі. А потым пайшлі расці цэны на нафту і газ. І менавіта праз гэты падарунак Аллаха з 2005 года пачалася песня пра тое, што Беларусь атрымлівае «датацыі». Спачатку мільярд, потым 2, 3, 4. Цяпер ужо 7—8. І потым гэтая сінтэтычная лічба, памнажаецца на колькі там было з 2000. 

Што такое ў іх логіцы падтрымка і датацыі? Гэта выключна розніца ў цэнах вуглевадародаў паміж умоўнай цаной, якая падабаецца «братве», і рэальнымі цэнамі, за якія яны яго могуць прадаць. Так, могуць. Бо Беларусь — другі па памерах рынак экспарту газу, Расія проста не знойдзе, дзе прадаць такі аб’ём цяпер яшчэ. І панясе вялізныя страты. Рынак — гэта сістэма зносін, а не фігавы ліст для апраўдання ўласнай нахабнасці.

Заўважце, што толькі нафтагаз. І што толькі беларускаму, раней яшчэ ўкраінскаму, боку. За ўсё астатняе было б дзіўна плаціць. Бо мы ж саюзнікі! Але ж мы маем шмат больш складаныя адносіны. Дык што за 3—4 мільярды? Што да чаго? Нафтагаз тут менавіта таму, што гэта адзіны канкурэнтаздольны расійскі тавар. А параўноўваецца ці тое з германскімі цэнамі ці з аўстрыйскімі. Таму што. Ім так захацелася.

Механізм рацыяналізацыі гэтай пазіцыі я вам зараз растлумачу. Вы купілі на рынку кавалак мяса. За 3 рублі. А вашаму суседу мяснік прадаў такі ж кавалак за 5. Дык вось за гэта ён кажа, што ён даціруе вас на 2 рублі, і за тое мае права прыходзіць да вас дадому, піць гарбату, карыстацца вашаю маёмасцю, спаць з вашаю жонкаю і дачкой.

Бо вы яму вінныя 2 рублі за кавалак мяса. У астатнім вы ж суседзі і браты, і не трэба займацца нейкімі там падлікамі!

Вось такая логіка ў піцерскай братвы. Нам яна дрэнна зразумелая, бо мы, відавочна, з іншай культурнай традыцыі. Ведаеце там, дамовы, судовыя прэцэдэнты, спадчына рымскага права.

Але ж давайце не адчайвацца. Давайце скарыстаемся іх жа логікай. Бо гэтак перамовы і вядуцца — трэба ўмець зрабіць у галаве праекцыю кантрагента і перавесці сваю пазіцыю на зразумелы яму культурны код. Нахабства і «бабло» ў данным выпадку.

Пачнем з галоўнага. З гандлю паміж нашымі краінамі. Вы ведаеце, напэўна, што за расійскія тавары мы плацім даляры, а за свае атрымліваем рублі. І колькі б ні казалі, што распрацоўваюцца інструменты аб адмовы ад даляраў ва ўзаемным гандлі, іх за 20 гадоў не знайшлі. Бо гэта страшна нявыгадна Расіі, чыя эканоміка пабудаваная на сыравіннай рэнце.

Па сутнасці, увесь тавараабарот Беларусі і Расіі на 30—40 мільярдаў — гэта нета-пазіцыя беларускай эканомікі ў падтрымку расійскага рубля. Ну, гэта як вы пазычылі таму мясніку ўсе свае грошы, і ён з іх мае інтарэс, і вам аддае частку, за якую вы яму за мяса і плаціце. Зразумела, яму добра. Праз сярэднюю гістарычную даходнасць інвестыцый на развітых рынках мы атрымаем, што мы далі рэнты ў расійскую фінансавую сістэму за гады існавання саюзнай дамовы сама менш на 80 мільярдаў даляраў!

Беларусь — галоўны спонсар расійскай фінансавай сістэмы, бо больш ніхто ў свеце на такіх кабальных умовах з Расіяй не гандлюе. Таму, калі наступны раз у тралейбусе вы задумаецеся, чаму ў вас няма папіццот, адказ будзе проста ў акне: машына з расійскімі нумарамі, што хамавіта скача з рада ў рад. Вы са сваёй кішэні аплацілі яму розніцу паміж «Жыгулямі» і БМВ.

Карыстаючыся логікаю механізмаў «датацый» па газавых кантрактах, можна сказаць, што Расія недаплаціла нам за трубаправодную сістэму 10 мільярдаў даляраў і яшчэ 5 мільярдаў — за нафтахімію. Бо гэта наш «рынкавы кошт». Можна даверху дакінуць інтэрэс за гады карыстання.

Расія задарма карыстаецца нашай інфраструктураю і зямлёю, па якой ідуць трубы і станцыі. І наносіць мільярдныя шкоды нашай экалогіі. За 20 гадоў можна смела выстаўляць 30 мільярдаў.

Расія задарма карыстаецца нашымі вайсковымі аб’ектамі. За дваццаць год можна выстаўляць 40 мільярдаў, карыстаючыся коштам аналагаў у іншых краінах на 0,6—1 млрд на год. Да гэтага дакіньце дармавыя дадзеныя ад нашых сілавых структур, яшчэ мільярдаў 5.

Расійскі бізнэс не плаціць нам рынкавыя цэны за транзіт тавараў. Не кажучы пра дробязі, як юрыдычныя паслугі, гарантыі і пераклад дакументаў, як ва ўсім астатнім свеце. 30 мільярдаў. Расійскія турысты не плацяць нам за візы, транзіт і турыстычныя зборы. Колькі там з 1999? Яшчэ недзе 8 мільярдаў. Расіяне тут свабодна набываюць зямлю, маёмасць, акцыі і ствараюць юрыдычныя фірмы. Чым мы горшыя за Эміраты? Давайце падлічым страты ад таго, што ў нас няма інстытуту намінальных дырэктараў. Мільярдаў 5.

Далей. Расія задарма карыстаецца нашаю культурнаю прастораю. Тут транслюецца больш за 40 расійскіх тэлеканалаў. З кожнага трэба браць не менш за тое, колькі каштуе вяшчанне ў самой Расіі, і за дваццаць год ужо амаль 4 мільярды.

Тое самае з расійскімі радыёстанцыямі, газетамі, кнігамі і часопісамі. І, асабліва, з дэбільнымі расійскімі фільмамі. Якія нідзе ў свеце не патрэбныя, але імі проста забітыя нашыя кінатэатры, што туды ўжо нармальныя людзі проста не ў стане хадзіць. Гэтыя ёлкі-палкі ды пафасныя легенды маюць №16 і нават Балівуду не канкурэнты. За гэта трэба таксама плаціць. Яшчэ з 1,5 мільярда з 1999 накрапае.

Яшчэ, канешне, нашы спажыўцы церпяць. З Расіі да нас ідзе розны контрафакт ці то азіяцкага, ці то расійскага паходжання, на які тамтэйшыя, назавем культурна, «прадпрымальнікі» атрымліваюць левыя сертыфікаты ды нават заходнія брэнды чапляюць. Ад майткоў да электронікі. Я ўжо не кажу пра розную там парфуму ды касметыку, якія проста фізічна небяспечныя! А нашы дзяўчаты гэта на сваю скуру! Усё гэтае брыдоцце трэба спальваць на хімічным заводзе ці ўзрываць на палігоне. Гэта недзе яшчэ 1—1,5 мільярды стратаў на год, без уліку наступстваў для здароўя.

Колькі там ужо? Больш за 200? І заўважце, я не кранаў ніякіх вострых палітычных тэм — акупацый, рэпрэсій і г.д. Ні таго дзікага наркатрафіку, што ідзе з Расіі. Ні тысяч нелегалаў. Гэта аргументы пад іншыя размовы.

Толькі «бабло», і толькі за апошнія 20 гадоў. У гэтую гульную могуць гуляць усе. Садзімся, бярэм калькулятар і, як там кажуць, «базарым чыста за бізнэс». Вы нам сто, мы вам двесці. Мы ў страшэнным мінусе!

Чаму? Таму што гэтак гэты саюз быў пабудаваны. Ён ніколі не быў «эканамічным саюзам», нават калі нехта аб гэтым тут у Мінску мроіў. Яго не стваралі дзеля таго, як любы ЕС, каб усе ўдзельнікі багацелі праз рост узаемнага пранікнення і эканамічнай актыўнасці.

Гэта неакаланіялізм у чыстым выглядзе. Мэтай якога ёсць кантроль над усімі эканамічнымі рэсурсамі, ад грошай да працоўнай сілы, на карысць былой метраполіі. І любая логіка, любое нахабства для гэтага падыходзіць. І калі вы раптам пачняце задаваць нязручныя пытанні, на вас адразу накінецца з абвінавачваннямі падрыхтаваны натоўп трамвайных хамаў. Гэта, бадай, адзіны механізм дыскусіі, які існуе ў нашых «саюзнікаў».

Для фіналу — песня. Бо хто, як не тамтэйшы ленінградскі пясняр, можа нам раскрыць эстэтыку прадстаўнікоў гэтага чарговага нашэсця з Усходу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?