У кінатэатры купляем білет на фільм вытворчасці ЗША «Зялёная кніга», а касірка папярэджвае на ўсякі выпадак:

— Фільм на беларускай мове.

— Усё цудоўна, менавіта дзеля гэтага мы сюды і прыйшлі, давайце два білеты! — паведамляю засяроджанай жанчыне, што запытальна пазірае на мяне праз шкло.

Разглядаю нетаропкую касірку і ўяўляю карціну, як у Францыі парыжанін прыходзіць на сеанс, а работніца касы, працяўшы яго паглядам, пытаецца: «Кіно на французкай мове, пойдзеце глядець?» А жыхар Парыжа ёй у адказ: «Давайце лепш на нямецкай, я да яе больш прызвычаіўся!» Прыкольна, аднак не рэальна.

Ну мы ж не ў Францыі. А Беларусь — краіна парадоксаў, падвоеных сэнсаў і лозунга «А можа,так і трэба?», таму ўсе фільмы ў нас агучаны на рускай, то бок мове краіны-суседкі. Але ж адзін па-беларуску, ды тут галоўнае пачаць! Вельмі добра, што «Зялёную кнігу» пераклала на родную мову нацыянальная кампанія «Беларусьфільм».

Зала была поўная гледачоў.

З падслуханай размовы маладых хлопцаў пасля сеанса: «Я начал смотреть, сразу было удивительно, что американцы говорят на белорусском языке, но через пять минут я этого уже не замечал, а наша мова придавала какую-то особую атмосферу фильму, интеллигентности что ли, и смягчала даже грубые словечки Тони Балбатуна».

Тоні, па мянушцы Балбатун, белы кіроўца аўто і ахоўнік-вышыбала, стаў сябрам афраамерыканскага піяніста, пасля таго як яны разам у пачатку шасцідзесятых праехалі з гастролямі па паўднёвых штатах Амерыкі, дзе раней было рабства. «Зялёная кніга» была мапай месцаў адпачынку, гатэляў і кафэ, дзе можна было спыніцца цемнаскураму, каб пазбегнуць прыніжэнняў з боку белых. Разам пераадолелі выпрабаванні ахоўнік-вышыбала і вытанчаны піяніст. Гэта падарожжа кардынальна іх змяніла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0