Старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій падчас выступу пракрамлёўскага кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Вілкула адключыў яму мікрафон за выкарыстанне рускай мовы.
Свой выступ дэпутат пачаў па-ўкраінску, аднак для гэтага яму даводзілася выкарыстоўваць паперку са спецыяльна падрыхтаваным тэкстам.
Калі ж Вілкул скончыў яго чытаць, то адразу перайшоў на рускую мову, у сувязі з чым спікер парламента зрабіў яму заўвагу.
У сваю чаргу дэпутат яго заклік праігнараваў, пасля чаго спікер Рады выключыў яму мікрафон.
«Прашу да дзяржаўнай мовы вярнуцца… Я папярэджваю і прашу казаць на дзяржаўнай мове. Прашу выключыць мікрафон», — сказаў Парубій.
У адказ Вілкул пагадзіўся працягнуць выступ на ўкраінскай. «Калі вы лічыце, што мова, на якой вы размаўляеце, украінская, то вы вельмі памыляецеся», — дадаў ён пры гэтым.





