Шоўмен Уладзімір Зяленскі і цяперашні прэзідэнт Пятро Парашэнка выходзяць у другі тур прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне. Такія вынікі апытання, праведзенага Цэнтрам сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў Соцыс і Інстытутам стратэгічных даследаванняў і прагнозаў Янус.

Зяленскага гатовыя падтрымаць 29,6% украінцаў, якія вызначыліся з выбарам. За Парашэнку гатовыя аддаць свае галасы 19,2% апытаных. За Юлію Цімашэнка гатовыя прагаласаваць 13,8% рэспандэнтаў, за Юрыя Бойку — 10%, за Анатоля Грыцэнку — 9%, за Алега Ляшко — 5,9%.

25,7% з тых, хто пойдзе на выбары, яшчэ не ведаюць, за каго будуць галасаваць.

Характэрна, што заснавальнікам Соцыс з'яўляецца кіраўнік выбарчай кампаніі Парашэнкі Ігар Грыніў.

У сваю чаргу свежае апытанне, праведзенае цэнтрам «Сацыяльны маніторынг» і Украінскім інстытутам сацыяльных даследаванняў ім. Яроменкі дае іншыя вынікі. Згодна з ім, у другі тур выходзяць Зяленскі і Цімашэнка.

Паводле апытання, сярод тых, хто вызначыўся з выбарам і гатовы ўзяць удзел у галасаванні, Зяленскага гатовыя падтрымаць 29,4% рэспандэнтаў, Цімашэнка 17,2%, Парашэнку — 14,9% украінцаў.

Адзначаецца, што за Анатоля Грыцэнку гатовыя аддаць свой голас 10,7% апытаных, а за Юрыя Бойку — 10,4% рэспандэнтаў.

Таксама паведамляецца, што гатоўнасць узяць удзел у галасаванні на прэзідэнцкіх выбарах выказалі 82,5% апытаных.

Першы тур прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне адбудзецца 31 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0