Першаіерарх Аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Польшчы быў агентам камуністычнай спецслужбы.

Матэрыялы пра гэта мае апублікаваць польскі Інстытут нацыянальнай памяці. Гэта навуковая ўстанова, якая разбірае архівы СБ — аналага савецкага КГБ. Напярэдадні публікацыі мітрапаліт Сава даў інтэрв’ю журналістам «Газеты выборчай». З яго вынікае сумны вобраз царквы, якая цалкам кантралюецца спецслужбамі і нават не спрабуе з‑пад таго кантролю вызваліцца.

Мітрапаліт Сава (Міхал Грыцуняк), першаіерарх Аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Польшчы, прафесар тэалогіі, генерал брыгады Войска Польскага (праваслаўны капелан войска да 1998 году), кавалер Камандорскага Крыжа Адраджэння Польшчы і прочая і прочая, ад 1966 году быў зарэгістраваны польскім СБ як агент «Юрак». Завербавалі яго, шантажуючы тым, што нібыта маюць на яго кампраметуючыя дакументы. Хоць нічога яму не паказалі.

З архіўных папераў вынікае, што ў адной з гутарак ён даваў характарыстыкі праваслаўным япіскапам, спыняючыся на іх слабасцях. У другой размове ён пераказваў чуткі пра сэксуальныя адхіленні некаторых святароў. Сам ён адмаўляе, што такое гаварыў. З ягоных словаў, размовы былі пра агульную сітуацыю, пра настроі.

Праваслаўная царква ў Польшчы мела тады праблемы з вышэйшымі іерархамі: япіскап мусіў адначасова і быць манахам, і мець вышэйшую адукацыю. Такіх асобаў было мала. Дзеля таго папярэдніка мітр. Савы на пасадзе — мітр. Васіля, спецыяльна развялі з жонкай. Гэткія моманты жыва цікавілі СБ.

Паводле словаў мітрапаліта, згоды на супрацоўніцтва ён не падпісваў, падпісаў толькі «прысягу на вернасць Польскай Народнай Рэспубліцы». Прычым такую прысягу, кажа ён, падпісалі ўсе праваслаўныя япіскапы. Аднак ён прызнае, што хутка зразумеў: СБ разглядае яго як свайго агента. Архіўныя дакумента сведчаць іншае: будучы мітрапаліт стаў тайным супрацоўнікам СБ добраахвотна.

Мітрапаліт тлумачыць, што падтрымліваў кантакты з СБ для дабра царквы. Маўляў, час быў такі і іншага выйсця не было. «Я не зрабіў нічога кепскага для Айчыны, Царквы і каго‑кольвек», — цвердзіць мітрапаліт.

За сваю «працу» ён атрымоўваў грошы, але гэта была звыклая практыка: іх атрымоўвалі усе праваслаўныя япіскапы і называлася гэта «матэрыяльнай дапамогай». Грошы выдаваліся ў Аддзеле па справах рэлігій.

Адкрыццё архіваў выявіла, што агентамі спецслужбаў былі і кіраўнікі праваслаўных іерархій у Літве і Румыніі. Можна меркаваць, што аналагічная ступень кантролю ўладаў над царквой была і ў іншых сацыялістычных рэспубліках. Але там архівы яшчэ закрытыя.

Сачэнне было татальным. «Яны [польскае ГБ] скіравалі мяне ў Загорск [расійская праваслаўная акадэмія ў Тройца‑Сергіевай лаўры] недзе ў 1978‑79 годзе. Гэта адбылося ў мэтах навучэння мяне дысцыпліне. Адтуль я запомніў адну сітуацыю. Я харчаваўся разам з прафесарамі. Я быў ужо кандыдатам навук і займаўся навуковай працай, пісаў доктарскую. А там увесь час кармілі нас кашай, і я пажартаваў: што гэта ў вас усё каша ды каша. Калі я вярнуўся ў Польшчу, сустрэў мяне мітрапаліт Васіль, дык ён ужо ведаў, што мне не спадабалася каша. Ён даведаўся аб гэтым ад польскіх СБшнікаў, а тыя — ад КГБ.

«Ці можна сказаць, што ўся расійская царква кантралявалася КГБ? Ці адчулі вы гэтую атмасферу ў Загорску? — пытаецца ў мітрапаліта інтэрв’юер. — Так, адчуў, — прызнаецца мітрапаліт. — Калі я тады быў у Загорску, мной апекаваўся спецыяльны чалавек. Гэты чалавек павінен быў ведаць усё. То быў адзін са студэнтаў. Ён хадзіў за мною ценем».

З пачуцця далікатнасці газета даручыла весці інтэрв’ю разам з журналісткай выдання віднаму каталіцкаму тэолагу айцу Яну Турнаў. Айцец Турнаў вядомы тым, што дапамагаў вярнуць манастыр у Супраслі праваслаўным.

У каталіцкім касцёле створана спецыяльная камісія, што вывучае супрацоўніцтва духоўных з СБ, і здарыўся вялікі скандал, калі выявілася пра тое, што новапрызначаны арцыбіскуп Варшаўскі быў агентам; ён мусіў падаць у адстаўку. У праваслаўнай царкве таго няма. Люстрацыю мітрапаліт лічыць злом. «Калі я быў малады і гарлівы, я лічыў, што калі нехта правініўся, трэба яго пакараць. Але памятаю, як адзін з старых япіскапаў сказаў мне: «Браце, глядзі, каб твае штаны былі чыстыя». Мы вырашылі, што ў чужых грахах калупацца не будзем, кожны сам будзе адказваць перад Богам».

«КГБ супрацоўнічала з СБ у мэтах знішчэння царквы, — кажа мітр. Сава.— Трэ было выбіраць: або глядзім рэалістычна, ідзём на пэўны кампраміс і падтрымліваем жыццё Царквы, або пагаджаецца на яе паступовае знішчэнне. Натуральна, у часе тых размоваў у мяне магло нешта вырвацца, можа якое слова і лішняе сказаў. Калі камусьці нашкодзіў тым, перапрашаю. Гэта цяпер здаецца простым, а тады простым не здавалася», — кажа мітр. Сава.

Інтэрв’ю цалкам на польскай мове «Гульня з ГБ за жыццё царквы» можна прачытаць тутака.

* * *

Мітрапаліт Сава (Міхал Грыцуняк) нар. 1938 на Холмшчыне. Этнічны ўкраінец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0