Журналіст «Радыё Свабода» Віталь Цыганкоў у сваім фэйсбуку падзяліўся гісторыяй, як не заплаціў за праезд у грамадскім транспарце — і не заплаціў штраф, калі яго злавілі кантралёры. У каментарах пачалі абмяркоўваць сітуацыю, далучылася і Таццяна Караткевіч.

«Зайцаў» люблю;) ўжо не раз сустракаю такія гісторыі, калі людзі свой пратэст выказваюць і такім чынам. Маюць права», — напісала Караткевіч.

«Наша Ніва» вырашыла пацікавіцца ў экс-кандыдаткі ў прэзідэнты, як безбілетны праезд звязаны з пратэстам.

«Калі я кажу «маюць права», гэта ж яшчэ не значыць, што я іх падтрымліваю. Людзі проста ідуць на пратэст і мусяць разумець, што за гэта нясуць адказнасць, — разважае Таццяна Караткевіч. — Проста я нярэдка сустракаюся з рознымі людзьмі і некаторыя, калі заходзіць пытанне пра такія сацыяльныя рэчы ці праблемы, выказваюцца. У нас была сустрэча з вельмі паважанымі людзьмі, паэтамі і пісьменнікамі. І адзін чалавек — не буду агучваць імя, але гэта пісьменнік з высокім статусам — сказаў, што прынцыпова не аплочвае праезд.

І ёсць людзі, якія кажуць, што не падтрымліваюць уладу і не згодныя з тым, як размяркоўваюцца грошы. Таму не плацяць».

Але ў чым пратэст? Караткевіч патлумачыла так:

«Ну а як не плацілі людзі падатак за дармаедаў? Людзі не плацяць, такім чынам яны пратэстуюць. Ці калі людзі атрымліваюць вялікія штрафы і таксама іх не аплочваюць».

Але ж гэта не штраф на пустым месцы, а адмова плаціць за паслугу, якую ім аказвае «Мінсктранс» і канкрэтны кіроўца. Ці пратэст тады красці з крамы?

«Красці з крамы — гэта іншае. Ты бярэш чужое», — адказала Караткевіч.

Пасля палітык падсумавала свае словы:

«Я не кажу, што [не плаціць за праезд] гэта не парушэнне. Я за тое, каб усе плацілі і адчувалі, што плацяць і могуць прадстаўляць свае заўвагі, маюць права патрабаваць больш якасных паслуг. Калі людзі гэтага не адчуваюць, яны сыходзяць у такі пратэст.

Маюць права. Але гэта не значыць, што я іх падтрымліваю ці заклікаю гэта рабіць. Проста я бачу, што так паводзяць сябе нашы грамадзяне. Але яны мусяць ведаць, што за гэта іх аштрафуюць і будзе адміністратыўная адказнасць.

З майго пункту гледжання, гэта пратэст, але ён безвыніковы. Вось калі ты аплочваеш і пасля пытаешся — гэта іншы падыход».

Сама Таццяна Караткевіч, па яе словах, праезд аплачвае. Былі выпадкі, калі яе штрафавалі за адсутнасць квітка, але гэта быў не пратэст з яе боку.

«Бывала, што праязджала адзін прыпынак, не паспявала набыць квіток», — растлумачыла яна. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?