У адміністрацыі Уладзіміра Пуціна разглядаюць варыянты, пры якіх ён можа застацца пры ўладзе пасля 2024 года, паведамляе Bloomberg са спасылкай на некалькі крыніц, блізкіх да Крамля.
Фота: kremlin.ru.
Адным з такіх сцэнарыяў можа стаць так званае «далучэнне» да Расіі Беларусі.
Нібыта ўзначаліўшы новаствораную дзяржаву, Пуцін змог бы абысці абмежаванне на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў у Расіі, не змяняючы пры гэтым канстытуцыі.
Іншы варыянт для Пуціна застацца пры ўладзе ў Расіі прадугледжвае сцэнар, падобны таму, які рэалізаваў у Казахстане прэзідэнт краіны Нурсултан Назарбаеў.
Пакінуўшы пасаду кіраўніка дзяржавы свайму даверанаму хаўрусніку, ён, тым не менш, застаўся старшынёй Рады нацыянальнай бяспекі, захаваўшы за сабой ключавыя паўнамоцтвы.
У той жа час ні адзін з гэтых сцэнарыяў пакуль што не ўзгоднены.
Пазней у Крамлі адрэагавалі на гэтую публікацыю Bloomberg. У адміністрацыі Уладзіміра Пуціна сцвярджаюць, што артыкул пра сцэнары захавання ім улады пасля 2024 года не больш, чым «вольныя практыкаванні». Пра гэта сказаў прэс-сакратар кіраўніка Крамля Дзмітрый Пяскоў.