Блін першы, БМА‑груп, 2008.

Панк‑містыфікатары з Гродна — трэскі, што выплылі на хвалях «Басовішча». Падавалася, што пасля Devation і «Кальяну» Гродна ўжо не здольнае даць краіне вугля.

«Тлуста луста» — не такія зубатыя, але даць чаду здольныя не меншага. Той брутальны раскілбас, што ў «Тлусты лусты» песняю завецца, можа выклікаць дзве рэакцыі — альбо ваніты, альбо… замілаванне. На сваім першым альбоме музыкі ў асноўным дэманструюць цуды інтэрпрэтацыі (з 10 песень толькі з палову аўтарскіх з улікам інструменталу).

Цётчын твор «Вера беларуса» пераўтварыўся ў абсалютна безгаловы панк‑адцяг
«Рамалэ» — яшчэ б духавую секцыю, і Кустурыца ездзіў бы ў Гродна па запалкі. Нацыянальна‑патрыятычная лірыка Купалы («Мне сняцца сны аб Беларусі») таксама набыла нечаканае ўвасабленне (літаратуразнаўцам слухаць непажадана!), а хіт Вясны‑2006 «Колер маёй рэвалюцыі» музыкі паскорылі ў тэмпе да такой ступені, што вакаліст не паспявае спяваць за інструментамі.

А ёсць жа яшчэ прыкольны кавер на МакSim і на тых жа Deviation. Музыкі выкарыстоўваюць цікавыя музычныя хады, кідаючы то ў жар, то ў холад (песенькі «Ванілін», «Супраціў»). Адчуваецца недадуманасць канцэпцыі з уліку кавер‑скіраванасці гурту і невялікай колькасці свайго матэрыялу. Ды яшчэ шкада, што на іх канцэртах словаў не расчуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?