Палітычныя партыі ніяк не адрэагавалі на дэвальвацыю беларускага рубля. Гэта ўжо не першы падобны выпадак. Аналітыкі выказаліся, СМІ даюць інфармацыю, а палітыкі маўчаць. Мінулыя гады апазіцыйныя лідэры падвяргаліся крытыцы за маўчанне па пытаннях паставак у краіну газу, рэформы сістэмы адукацыі. Што стаіць за гэтым маўчаннем? Негалосную падтрымку афіцыйнага курсу ці адсутнасць уласнай яснай альтэрнатывы? Адказваюць лідэры апазіцыйных партый.

Анатоль Лябедзька, старшыня АГП: «Мы абмяркоўвалі з калегамі гэтую сітуацыю. І, безумоўна, у нас будзе пазіцыя. Яна будзе агучана літаральна цягам двух‑трох дзён, якія патрэбныя для некаторых узгадненняў. У АДС усё ж розныя структуры і мы паважаем пазіцыю кожнай з іх.

Пазіцыя ёсць у кожнага, але агульная будзе крышачку пазней».

Сяргей Калякін, лідэр ПКБ: «Сама па сабе дэвальвацыя не такая страшная для беларускай эканомікі. А вось што адбываецца ўслед, калі мяняюцца цэннікі, то гэта зусім іншая справа.

Усё, што адбылося, будзе ацэнена намі ў комплексе. Нельга было адразу рэагаваць,
бо ва ўлады не было іншых магчымасцей. А вось сённяшнія дзеянні паказваюць, што ўсе эканамічныя праблемы ўлады будуць вырашаць за кошт простых людзей».

Вінцук Вячорка, намеснік старшыні Партыі БНФ: «

Мы не адмоўчваемся і не хаваемся. Рыхтуецца аб’ёмны і сур’ёзны дакумент.
Пакуль што мы канстатуем: беларускі народ быў падмануты. А па‑другое, гэта апошнія захады ўлады прынятыя знянацку. Самае галоўнае, што адбылося — рашэнне было прынятае непразрыстае. Не было парламенцкіх, грамадскіх дыскусій. Тут альбо мы кажам, давайце не замінаць Аляксандру Лукашэнку, і саступім у бок, прыкрываючыся незалежнасцю. Альбо мы займаем сваю пазіцыю. Разам з тым, трэба разумець, што мы не выйдзем з эканамічнага крызісу без разняволення людзей і краіны».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?