* * *

Цэнтральны пункт: мітынг і канцэрт ля Каложы ў Гродне 23.03

У Беларусі цэнтрам святкавання гэтым разам стане Горадня — 100 гадоў таму менавіта яна была сталіцай БНР і акурат тут быў адзначаны першы Дзень Незалежнасці.

23 сакавіка ў Каложскім парку адбудзецца вялікі канцэрт, акцыя ўзгодненая з гарадскімі ўладамі. Кампанія #БНР101, якая летась ладзіла менскае «Свята Незалежнасці» каля Опернага тэатра, разглядае яго як асноўную імпрэзу.

Анансаваныя выступы Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, гуртоў Dzieciuki, «Дай дарогу» і «Крама».

Канцэрту будзе папярэднічаць богаслужэнне ў Каложы

Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій дабраславіў яго правядзенне. Яно распачнецца а 12-й гадзіне, непасрэдна перад канцэртам.

Пасля канцэрта пройдзе імша за Беларусь у Фарным касцёле 

Аднукнулася на Дзень незалежнасці і каталіцкая грамада горада. Пасля святкавання Дня Волі ў Каложскім парку пройдзе ўрачыстая імша ў Фарным касцёле Горадні. Набажэнства пачнецца а 17.30. 

Урачысты прыём у Мінску

23 сакавіка аргкамітэт святкавання гадавіны БНР арганізуе ўрачысты прыём у «Прайм-холе» гатэлю «Вікторыя». У гонар гістарычнай падзеі дасць канцэрт народны ансамбль «Тутэйшая шляхта». Запрашэнні разасланыя ад імя ганаровага старшыні Аргкамітэта акадэміка Радзіма Гарэцкага і дзейнага старшыні Міколы Купавы.

Публічная лекцыя ў парку імя Янкі Купалы

Таксама 23 сакавіка Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» запрашае ўшанаваць памяць прэмʼер-міністра БНР і аўтара ІІІ Устаўной Граматы Антона Луцкевіча. Летась у скверы імя Янкі Купалы ў Менску быў пастаўлены памятны знак у гонар Антона і Івана Луцкевічаў — на месцы дамоў, якія належалі іхнай сямʼі. Аб 11-й гісторык Анатоль Сідарэвіч там правядзе публічную лекцыю пра іх.

Мітынг-канцэрт у Кіеўскім скверы ў Мінску 24 сакавіка

24 сакавіка пройдзе мітынг-канцэрт у Мінску — у Кіеўскім скверы: збор ад 12-й, пачатак канцэрту а 13-й. Арганізатарамі — палітычныя партыі. Для гэтага аб'ядналіся хрысціянскія дэмакраты, сацыял-дэмакраты, лібералы з Аб'яднанай грамадзянскай партыі і ліберальна-нацыянальны Рух за свабоду.

Запланаваныя выступы гуртоў N.R.M., KaS, «Разбітае сэрца пацана», «Няхай», «Водар» і «Дай дарогу».

«Школа БНР» у кавярні «Грай» 24 сакавіка

24 сакавіка ў кавярні «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33) пройдзе адукацыйна-культурная імпрэза «Школа БНР», прымеркаваная да ўгодкаў утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Уваход бясплатны, але трэба зарэгістравацца

Праграма:

15:00 Урок першы: лекцыя Сяргея Харэўскага «Віртуальны шпацыр па адрасах БНР»

16:30 Урок другі: лекцыя Андуся Унучака «Нашаніўскае адраджэнне - падмурак БНР»

18:00 Урок трэці: лекцыя Уладзіміра Ляхоўскага «Сімвалы БНР»

19:00 Урок музыкі: выступ NAKA, МУТНАЕВОКА,:B:N:

Падчас імпрэзы будуць адбывацца ўрокі малявання. Ілюстратарка Лізавета Ганчарова навучыць вас маляваць Пагоню — нацыянальны сімвал Беларусі.

Мерапрыемства бясплатнае, таму фінансава падтрымаць імпрэзу можна праз краўдфандынг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0