У Полацкім раёне ўначы 27 сакавіка шукалі дзвюх дзяўчынак, аказалася, што яны спалохаліся пакарання бацькоў і схаваліся ў стозе сена, піша БелТА.
Мама адной з дзяўчынак звярнулася ў міліцыю апоўначы. Яна расказала, што яе 10-гадовая дачка не прыйшла дадому. Сям'я знаходзілася на лецішчы ў вёсцы, дзе ў дзяўчынкі была сяброўка. Яны разам гулялі на вуліцы. Бацькі паспрабавалі самі адшукаць дзяцей, але не атрымалася, і яны звярнуліся ў міліцыю. Па трывозе быў падняты ўвесь РАУС. Праваахоўнікі прачэсвалі мясцовасць, двары ў вёсцы, суседні лес.
Дзяўчынак шукалі ўсю ноч, і 27 сакавіка каля 6.00 яны пачулі, што іх шукаюць, і выйшлі да міліцыянтаў. Аказалася, дзеці спазняліся дадому ў прызначаны тэрмін і, спалохаўшыся, што іх за гэта могуць пакараць бацькі, вырашылі схавацца ў стозе сена. Іх жыццю нічога не пагражае.
Фота Віцебскай міліцыі