Аляксандр Лукашэнка лічыць працу міліцыі ў краіне недастаткова эфектыўнай.
Адпаведныя заявы ён зрабіў сёння, праводзячы кадравыя перастаноўкі ў сістэме МУС, піша БелТА.
«Вы ведаеце, што міліцыя — гэта аснова ўсёй нашай грамадскай бяспекі, барацьбы з крыміналам. Калі эфектыўна працуеце, варушыцеся, будуць і вынікі, - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
— Але, калі абсалютна шчыра, я не магу сёння міліцыі паставіць па 10-бальнай шкале ацэнку 9 або 10, і нават 8 з нацяжкай.
І я лішні раз у гэтым пераканаўся (гэта міністра тычыцца і дзяржсакратара), будучы ў Магілёўскай вобласці».
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што вярнуўся да савецкай практыкі і даручаў міністру ўнутраных спраў прасачыць за навядзеннем парадку ў гаспадарках, перш за ўсё што тычыцца машынных двароў, утрымання тэхнікі. Неабходна было паглядзець, што знаходзіцца на балансе і якое рэальнае становішча спраў, прымусіць да моманту пачатку палявых работ паставіць тэхніку на лінейку гатоўнасці. «І калі б маё даручэнне міністру было выканана, то гэтага бардака, які мы бачылі на адным з машынных двароў у другі дзень маёй паездкі па Магілёўскай вобласці, не было б. Там ніводнай адзінкі не было жывой, ператварылі ў могілкі», — звярнуў увагу Лукашэнка.
«Таму майце на ўвазе: парадак павінен быць ва ўсім. Не толькі на вуліцах, не толькі ў барацьбе з крыміналам. Але і дапамогу трэба аказаць па кантролі за захоўваннем тэхнікі, капітальных будынкаў і памяшканняў. Без міліцыі мы гэта не зробім. У савецкія часы міліцыя была ўсюды. у іх да ўсяго была справа. Зараз мы, мабыць, у асобных месцах пальчаткі беленькія надзелі і ходзім «, - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Звяртаючыся да Сяргея Дарошкі, які прызначаны начальнікам Акадэміі МУС Беларусі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што і яму трэба будзе напружаная праца: «Там адпачываць не прыйдзецца. Не думай, што трапіў туды і складзеш рукі, будзеш сядзець, як на пенсіі. І там мы паглядзім, якая будзе праца. Бо ад цябе пачынаецца міліцыя».
«Пытацца будзем з усіх. Мужыкі, самазаспакойвацца нельга.
Вы бачыце, што адбываецца вакол, - сказаў ён. - Гэта ж вар'яцкая трата грошай, калі мы нешта ствараем, а аддачы такой няма, на што разлічвалі. Гэта не толькі пытанне губернатараў і ўрада. Мы павінны гэта ўзяць пад кантроль — людзі ваенныя. Парадак не можа быць толькі на вуліцы, дзе людзі ходзяць. Парадак у цэлым у краіне павінен быць, і без міліцыі мы гэта не зробім. Таму толькі наперад!».