Міліцыя выявіла новыя факты незаконнай дзейнасці экс-намесніка кіраўніка Беларускай федэрацыі паўэрліфтынгу Канстанціна Бурыкіна, вядомага як «бацюшка са свастыкай». Яму ставіцца ў віну прысваенне даручаных фінансавых сродкаў у буйным памеры, паведамляе прэс-служба МУС.

Аператыўнікі ўстанавілі, што з 2014 па 2016 год ён выдаткаваў на ўласныя патрэбы частку грошай, што выдзяляліся на камандзіроўкі спартсменаў. Агульная шкода склала каля 17500 рублёў.

Пра парушэнні паведамілі непасрэдна спартсмены. Інфармацыя пацвердзілася, і пасля правядзення праверкі матэрыялы былі накіраваныя ў кампетэнтныя органы для дачы прававой ацэнкі дзеянням падазраванага, — распавялі ў ГУБАЗіК МУС.

Заведзена крымінальная справа па ч. 3 арт. 211 КК(прысваенне або растрата). Максімальнае пакаранне — 7 гадоў зняволення.

Нагадаем, што Канстанцін Бурыкін адбывае пакаранне за незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, за што яго асудзілі ў 2017 годзе да трох гадоў пазбаўлення волі.

Расследаванне: як «бацюшка са свастыкай» распараджаўся бюджэтнымі мільярдамі