Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў сайту palitviazni.info, чаму ён парушыў рэжым адбыцця пакарання.

Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч не можа знаходзіцца па-за межамі сваёй кватэры пазней 19.00 у будныя дні і не мае права пакідаць кватэру ў выхадныя. Таксама забаронена ўжываць алкаголь на ўвесь тэрмін пакарання — 4 гады. Супрацоўнікі міліцыі падчас усяго тэрміну кантралююць выкананне гэтых умоў, таму могуць прыйсці дадому да Фядыніча ў любы час дня і ночы.

У мінулую суботу прафсаюзны актывіст паведаміў, што да яго дадому прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі па падазрэнні ва ўжыванні алкаголю.

«На фоне стрэсу ў мяне нярэдка скача артэрыяльны ціск, — распавёў Генадзь Фядыніч. — У пятніцу на працы танометр паказваў 150—160, у суботу, якая была таксама працоўная, ціск ізноў узняўся да 160. Пад рукой лекаў не аказалася, калегі параілі выпіць крыху каньяку. Так і зрабіў. А каля дома ўжо чакала міліцыя».

Са слоў прафсаюзнага лідара, медыцынскі агляд паказаў у яго крыві наяўнасць алкаголю, хаця ніякіх дакументаў на рукі яму не далі.

Сёння, 3 красавіка, калі Генадзь Фядыніч пайшоў адзначацца ў Цэнтральны РУУС Мінска, яму вынеслі першае афіцыйнае папярэджанне за парушэнне ўмоў адбыцця пакарання.

«Мне сказалі, што нікога не хвалюе мой стан здароўя, правілы для ўсіх аднолькавыя», — дадае прафсаюзны лідар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0