Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб ратыфікацыі пагаднення паміж Беларуссю і Еўракамісіяй аб заснаванні, прывілеях і імунітэтах прадстаўніцтва Камісіі Еўрапейскіх супольнасцей у Рэспубліцы Беларусь.
Пра гэта паведаміла прэс‑служба прэзідэнта.

Пагадненне было падпісана 7 сакавіка 2008 года ў Бруселі і ратыфікавана парламентам Беларусі ў снежні 2008 года.

«Тым самым беларускім бокам завяршаецца нарматыўна‑прававое афармленне ўмоў для спрыяльнай дзейнасці прадстаўніцтва Камісіі Еўрапейскіх супольнасцей на тэрыторыі Беларусі, што дазволіць больш эфектыўна весці дыялог па шырокім спектры пытанняў адносінаў Беларусі з ЕС», — гаворыцца ў паведамленні прэс‑службы.

Таксама зазначаецца, што Беларусь «працягвае паслядоўнае выстройванне канструктыўнага і ўсебаковага дыялогу з ЕС, робячы канкрэтныя захады, што фарміруюць устойлівую прававую аснову беларуска‑еўрапейскіх адносінаў».

Пагадненне, у прыватнасці, дае прадстаўніцтву Еўракамісіі і яго супрацоўнікам правы, прадугледжаныя Венскай канвенцыяй аб дыпламатычных зносінах 1961 года для дыпламатычных прадстаўніцтваў (у тым ліку недатыкальнасць памяшканняў, карэспандэнцыі і архіваў, імунітэт ад крымінальнай юрысдыкцыі, падатковыя льготы).

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0