У мяне ва Украіне ёсць некалькі дзясяткаў знаёмых. З кімсьці мы сябруем, з кімсьці проста сустракаліся. Сярод гэтых знаёмых вялікая колькасць людзей, якія падтрымлівалі Пятра Парашэнку альбо ўжо ў першым туры, альбо падтрымаюць у другім. Ёсць людзі, якія ставяцца нейтральна, альбо нават крытычна да Парашэнкі. Але я не ведаю ніводнага чалавека, ні рэальнага, ні віртуальнага, які б галасаваў за Зяленскага, адкрыта пра гэта казаў і быў бы ў захапленні ад яго. І гэта пры тым, што Зяленскі, з вельмі высокай верагоднасцю, будзе абраны прэзідэнтам. Чарговы напамінак кожнаму з нас, што не варта блытаць сваё кола зносін з усім грамадствам. І ў гэтым плане сітуацыя вельмі нагадвае Брэксіт і абранне Трампа.

Інтэлігенцыя і людзі з высокімі даходамі, якія не хацелі Трампа і Брэксіта, проста не маглі паверыць у магчымасць такога выніку. Бо яны варыліся ў сваім саку, сярод сваіх аднадумцаў і класава блізкіх людзей, што стварала дэфармаванае ўяўленне пра рэальнасць. Нешта падобнае я назіраю зараз і з аматарамі Парашэнкі. За яго з большай ахвотай галасуюць жыхары вялікіх гарадоў Цэнтральнай і Заходняй Украіны, з добрай адукацыяй, якія маюць даход, вышэйшы за сярэдні, і для якіх інтэграцыя Украіны ў еўраатлантычныя структуры — прыярытэт нумар 1. Сярод маіх украінскіх знаёмых такія пераважаюць, таму і не дзіўна, што сярод іх значна больш аматараў Парашэнкі, чым у сярэднім па краіне.

І яны проста не разумеюць, як можна галасаваць за Зяленскага. І эпітэты мае знаёмыя да электарату Зяленскага падбіраюць адпаведныя: насєлєніе, бидло, люмпени, малороси і г.д.. І гэта пішуць адукаваныя людзі. І гэта іх вялікая памылка, бо яны не разумеюць, што іх сістэма каардынат можа не супадаць з умоўна «народнай». Можна колькі хочаш пісаць у фэйсбуку пра рэальныя заслугі Парашэнкі: як ён зрабіў бязвіз, як ва Украіну прыйшлі лаўкосты, як Украіна перамагла «Газпром», пабудавала з нуля армію, правяла вельмі эфектыўную рэформу мясцовага самакіравання, пачала рэформы медыцыны і адукацыі, як умацавалася ўкраінская мова за гады кіравання Парашэнкі і г.д. Але праблема ў тым, што гэта каштоўнасці і аргументы толькі для тых, хто і так будзе галасаваць за Парашэнку: актыўных адукаваных забяспечаных гараджан, сярэдняга класа, для якіх гэта важна. А для ўмоўнай 55-гадовай Веры Сцяпанаўны з райцэнтра ў Мікалаеўскай вобласці ні бязвіз, ні лаўкосты непатрэбны, бо за свае даходы яна не можа дазволіць сабе нават у Львоў з'ездзіць кавы папіць, не кажучы ўжо пра Вену ці Венецыю. І томас з украінскай мовай ёй таксама непатрэбны, бо яна жыве не ў рэлігійнай Галіччыне, а ў адносна атэістычным і русіфікаваным рэгіёне. Сярэдні клас падумаў, што ён дамінуе ва Украіне, але гэта не так. Дамінуе Вера Сцяпанаўна.

На фота: вынікі галасавання ў раёнах Кіева. За Парашэнку — багатыя цэнтральныя раёны. За Зяленскага — бедныя спальныя раёны, кшталту Траешчыны ці Баршчагоўкі (аналагі нашых Шабаноў ці Каменнай горкі).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?