Навінкі 37‑га нумару часопіса «Дзеяслоў».

37‑ы — падсумаванне. У гэтым нумары «Дзеяслоў» завяршае друкаваць «Знак Вялікага Магістра», раман Вольгі Іпатавай з элементамі гістарычнага дэтэктыву, а таксама кнігу даследчыка Сяргея Шапрана пра Васіля Быкава, што друкавалася ў часопісе цягам двух гадоў.

З прозы — дасціпнае апавяданне Ўладзіміра Някляева «Залатая арда». Паэзія — нізкі двух Андрэяў: Хадановіча і Адамовіча.

Рэдактар часопісу Барыс Пятровіч кажа: «Мы ў «Дзеяслове» заўжды намагаемся зрэжысаваць змест, каб творы розных аўтараў перагукаліся, спляталіся, дадавалі да агульнага разумення нейкай з’явы. І 37‑ы — не выключэнне: гэты разам аўтары падабраныя такім чынам, каб чытач, асмакаваўшыся, даведаўся больш, пра, можа быць, найцікавейшы ў найноўшай беларускай гісторыі час: 80‑я гады мінулага стагоддзя. Пра іх — найперш дзённік Міхала Дубянецкага, перакладчыка і выдаўца напаўапальных за саветамі Быкава і Адамовіча. Міхал пісаў пра свой час неардынарна і востра, не для савецкага друку. Цікава, што ўжо ў 2000‑я пры фармаванні дзяржаўнага літаратурнага холдынгу ўжо звярстаныя Міхаловыя запісы выкінулі ў «Полымі» з друку. І цяпер яны вяртаюцца на старонках «Дзеяслова». Пра той час, пра пачатак беларускага руху, пару «Майстроўні» і «Талакі», успамінае таксама Сяржук Вітушка. І аповесць Генадзя Дзмітрыева «Хроніка непрыкаянай душы» — хутчэй, хронікі людской крывадушнасці таго часу. Можа, крыху выбіваецца з агульнай карціны грунтоўных твораў сатырычны аповед Вінцэся Мудрова «Тайна Пронінай сажалкі». Але Мудроў не быў бы Мудровым, калі пісаў бы на поўным сур’ёзе. Падаванне нашага жыцця ў сатырычным святле — гэта яго. Ёсць і іншыя роднасныя, блізкія тэматыкай і спосабам падачы творы, але хай тыя паралелі шукае ўжо сам чытач, сардэчна запрашаем у новы нумар «Дзеяслова».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?