Намеснік дырэктара Агенцтва тэлевізійных навінаў Белтэлерадыёкампаніі Юрый Пракопаў паведаміў «Нашай Ніве», што ад нядаўняга часу перайшоў на работу ў наваствораны Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (БІСД).
Пракопаў вядомы з'едлівымі матэрыяламі на адрас усяго недзяржаўнага.
Чытайце: БТ асудзіла пратэсты: «Дзяржава шмат не патрабуе. Усяго 20 базавых на год»
«Я больш не працую ў Белтэлерадыёкампаніі. Ад панядзелка я працаўладкоўваюся ў БIСД. Гэта пакуль у працэсе, таму да пытання пасады давайце вернемся пазней. Зараз магу паведамiць, што ў кола маiх абавязкаў будзе уваходзiць iнфармацыйнае забеспячэнне працы нашай установы, узаемадзеянне з медыйнымі пляцоўкамі і іншае», — адказаў Пракопаў.
Ён таксама ўлакладніў, што казаць пра яго «прэс-сакратар» будзе не зусім карэктна.
У 2000-ыя Юрый Пракопаў быў вядучым прапагандысцкай праграмы «У цэнтры ўвагі», у якой штотыдзень выкрываў палітычную апазіцыю і грамадзянскую супольнасць.
Менавіта ён, а не кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, прысутнічаў ад БТ на нарадзе па інфармацыйнай бяспецы ў Лукашэнкі, пасля якой стала вядома аб стварэнні БІСД.