Прызначэнне Наталлі Пяткевіч на пасаду першае намесніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта – шэфа ідэалогіі – расчаравала тых, хто чакаў пераменаў у культурнай палітыцы рэжыму. Каментуе Барыс Тумар.

У кулуарах абмяркоўваліся і іншыя кандыдатуры, з якімі звязваліся надзеі на спыненне саветызацыі, русіфікацыі і аслабленне татальнага ідэалагічнага кантролю, што нязменна былі асноўнымі мэтамі лукашэнкаўцаў.

Пяткевіч не той чалавек, каб мяняць гэты курс. Яна створаная гэтай сістэмай, абавязаная сваёй кар’ерай яе творцу. Без яго яе б не было. Калі А., ці Б., ці В. былі да яго і будуць пасля яго, П. абавязаная яму. Малаімаверны такі збег абставінаў, каб гэткі чалавек бачыў нацыянальны інтарэс у паступовым дэмантажы сістэмы, якая спутала Беларусь. Сістэмы, заснаванай на рэжыме асабістай улады, адсутнасці падзелу ўладаў, свабоды слова, сістэматычных фальсіфікацыях на кожным узроўні і дэвальвацыі нацыянальнай культуры.

Ніхто ніколі не чуў ад гэтай дагледжанай дамы ні слова па-беларуску.

Так, яна безумоўна імкнецца да мадэрнізацыі сістэмы кіравання – разумеючы, што ад таго залежыць самазахаванне – і нават праводзіла пэўныя эфектыўныя рашэнні на сваёй ранейшай пасадзе. Некаторымі з іх, дарэчы, яна заслужыла непрыязь да сябе ў народных масах, амаль роўную непрыязі да Ярмошынай.

На пасадзе міністра замежных ці ўнутраных справаў, генеральнага пракурора ці кіраўніка Камітэту дзяржаўнай бяспекі Пяткевіч магла б стаць прагрэсіўным кіраўніком, які мадэрнізаваў бы дзейнасць гэтых інстытутаў.

Але на пасадзе ідэолага Пяткевіч будзе аздараўляць маразм.

У год, калі рэжыму крытычна бракуе даляраў, гэта асабліва адказнае заданне.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0