Суд Цэнтральнага раёна Гомеля вынес прыгавор былому старшыні Гомельскага райвыканкама Аляксандру Сітніцу. Ён быў у СІЗА амаль год, піша Tut.by.

Суд прызнаў Сітніца вінаватым у хабары, замаху на хабар і перавышэньні службовых паўнамоцтваў і вынес яму прысуд — 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй. Менавіта столькі, нагадаем, прасіў дзяржабвінаваўца.

Падчас судовых разглядаў адвакат Сітніцы і ён сам былі не згодныя з тым, што пракурор, на іх думку, будаваў абвінавачванне толькі на паказаннях сведкаў і пацярпелых, дадзеных у ходзе папярэдняга следства, і не звяртаў увагі на паказанні, дадзеныя ў судзе, — а яны істотна адрозніваюцца.

Ніводзін з пацярпелых пазней не прызнаў сябе такім. Былыя дырэктар ААТ «Камбінат «Усход», дырэктар КСУП «Урыцкае», а таксама намеснік дырэктара Гомельскай птушкафабрыкі ў судзе заявілі, што ніякіх прэтэнзій — ні маральных, ні матэрыяльных — да Сітніцы не маюць і вінаватым яго не лічаць. Дзяржабвінаваўца ў сваю чаргу запатрабаваў даць прававую ацэнку дзеянням удзельнікаў працэсу, якія змянілі свае паказанні ў судзе.

Нагадаем, у сярэдзіне красавіка старшыня Гомельскага райвыканкама Аляксандр Сітніца нечакана для ўсіх знік. Ніхто з калегаў і падначаленых кіраўніка раёна так і не змог адказаць, дзе знаходзіцца чыноўнік, а яго тэлефон быў адключаны.

Пазней у МУС паведамілі, што яго знайшлі і затрымалі ў Расіі і што ён абвінавачваецца ў хабары і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. На думку следства, Сітніца лабіяваў інтарэсы прыватных фірмаў, кіраўнікі якіх пасля дзякавалі яму за такое заступніцтва.

Аляксандр Сітніца ўзначальваў Гомельскі райвыканкам з 2009 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0