Кандыдат у прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі на працягу двух апошніх гадоў мінімум 11 разоў лятаў у Жэневу, калі там жыў алігарх Ігар Каламойскі, а пасля яго пераезду ў Ізраіль яшчэ два разы злятаў у Тэль-Авіў, паведамляе праграма расследаванняў Схеми.

Па інфармацыі журналістаў, падчас кожнай другой паездкі шоўмена суправаджаў юрыст алігарха Андрэй Богдан, які ў выніку стаў галоўным юрыдычным дарадцам кампаніі Зяленскага на выбарах прэзідэнта.

У Жэневу Зяленскі лётаў у лютым, красавіку, лістападзе і снежні 2017 года, а затым у студзені, у лютым (два разы), у сакавіку, у красавіку (два разы) і ў чэрвені 2018 года. У пяці з гэтых паездак Андрэй Богдан ляцеў разам з ім.

Пасля пераезду Каламойскага ў Ізраіль у канцы лета 2018 года, Зяленскі яшчэ два разы злятаў у Тэль-Авіў, таксама ў суправаджэнні Андрэя Богдана — у лістападзе і снежні 2018 года.

Па даных журналістаў, Зяленскі на працягу гэтага часу не раз лётаў на прыватных самалётах разам з бізнэс-партнёрамі алігарха.

Алігарх Ігар Каламойскі спачатку паведаміў Схемам, што Зяленскі сапраўды лётаў да яго на дзень нараджэння ў Жэневу ў лютым 2018 года. А на ўдакладненне, ці была гэта іх апошняя сустрэча, алігарх дадаў: «Па-мойму, так. Вы калі пачынаеце, пытаецеся, як следчы, так я пачынаю круціцца. Ну, можа, дзе і перасекся, але чорт яго ведае. Ну дык мэтанакіраваных сустрэч нейкіх няма. Ну тым больш, мы ж разумелі, што ўжо пачалася палітычная гісторыя, таму ўсе гэтыя сувязі, якія яго кампраметуюць, нам не патрэбныя», — сказаў алігарх.

Андрэй Богдан адмовіўся каментаваць прычыны візітаў у Жэневу і Тэль-Авіў у кампаніі Зяленскага, заявіўшы, што гэта яго прыватнае жыццё.

Атрымаць тлумачэнні Зяленскага аб прычынах частых пералётаў у Тэль-Авіў і Жэневу з юрыстам алігарха не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0