Фота: kremlin.ru.

Коммерсант: Лукашэнку дзявацца няма куды

Палітычны аглядальнік «Коммерсанта» Дзмітрый Дрызе лічыць, што Лукашэнку давядзецца саступаць у інтэграцыйных пытаннях.

Журналіст канстатуе: паміж саюзнікамі зноў вайна. Яблычна-нафтавая. Грошай у Беларусі, заўважае ён, і так не шмат. Гэта балюча б'е па вытворцу і дзяржаве ў цэлым.

У Расіі ёсць перавага ў гэтай спрэчцы, піша Дрызе:

— Так, беларускі кірунак нафтавага транзіту важны, але адказ можа быць яшчэ страшнейшы. Калі спыніць пастаўкі нафты на беларускія НПЗ, гэта пагражае калапсам усёй эканоміцы краіны. А купляць у Венесуэле або Нарвегіі проста несур'ёзна.

Журналіст «Коммерсанта» адзначае, што беларуская дзяржаўная мадэль немагчымая без расійскага падсілкоўвання.

«Аднак вечна так працягвацца не можа. За ўсё рана ці позна трэба плаціць. Крэмль шукае новы «Крым наш» — каранёвую ідэю. Яму патрэбна інтэграцыя, новы саюз, як бы гэта ні звалася. Аляксандру Рыгоравічу прапануюць падзяліцца суверэнітэтам, стаць рэальным хаўруснікам, а не як і калі яму захочацца. І аргумент — без мяне будзе горш, чым ва Украіне — не праходзіць», — піша Дрызе.

Ён лічыць, што Лукашэнку дзявацца няма куды, таму што Мінск — не Кіеў. Акрамя Расіі, у Лукашэнкі няма сяброў ні на Захадзе, ні на Усходзе.

«Імаверна, прыйдзецца Аляксандру Рыгоравічу саступаць», — выводзіць Дрызе.

BFM.RU: Лукашэнка гневаецца ад бяссілля

Аглядальнік BFM.RU Георгій Боўт лічыць, што гісторыя з газаправодам «Дружба» гэта ўсяго толькі працяг распачатай яшчэ ў мінулым годзе спрэчкі паміж Масквой і Мінскам аб тым, ці будзе Масква кампенсаваць беларускаму боку яго страты ад падатковага манеўру ў нафтавай сферы Расіі.

Не здолеўшы дамовіцца з Масквой аб кампенсацыі за падатковы манеўр, Лукашэнка павялічыў тарыф за прапампоўку нафты. І тут жа атрымаў «асіметрычны адказ» яблыкамі і грушамі. Пры гэтым нафтавы транзіт па трубаправодзе «Дружба» зусім не з'яўляецца для Расіі безальтэрнатыўным, заўважае Боўт.

«Таму Лукашэнка можа колькі хоча распальвацца гнеўнымі тырадамі, аднак «казыроў» у яго на перамовах з Расіяй не так ужо шмат. Напрыклад, Лукашэнка вельмі абмежаваны ў тым, каб пачаць сур'ёзнае збліжэнне з Захадам, узмацніўшы за гэты кошт шантаж у адносінах да Масквы. Такое збліжэнне будзе папросту небяспечным для самога беларускага рэжыму. Хоць асобныя элементы такога шантажу нязменна ў яго палітыцы прысутнічаюць. А таму ў Маскве вельмі паблажліва ставяцца да такіх эскападаў эмацыйнага суседа, аддаючы перавагу на іх не адказваць, тым больш што і сам беларускі прэзідэнт усё ж ні разу не перайшоў на асобы», — піша Боўт.

Ён упэўнены, што ад Мінска па-ранейшаму чакаюць пэўных крокаў у плане паглыблення інтэграцыі. І чакаць у Маскве могуць яшчэ даволі доўга.

«А вось беларуская эканоміка і, магчыма, сам беларускі рэжым могуць не вытрымаць такога працяглага прэсінгу з боку ўсходняга саюзніка», — заўважае аглядальнік BFM.RU.

RNS: Беларусь не спыніць транзіт

Расійскі эксперт у пытаннях энергетыкі Ігар Юшкоў на сайце RNS піша, што Беларусь не спыніць транзіт нафты, таму што гэта нявыгадна ёй самой.

Калі транзіт будзе спынены, Беларусь сама сабе гэтым нашкодзіць: яна не будзе атрымліваць грошы за транзіт, плюс абвастраюцца іншыя энергетычныя пытанні, піша Юшкоў.

«Спроба Беларусі ціснуць прывядзе да іншага выніку. У нас ёсць парты Балтыкі — Усць-Луга і Прыморск, ёсць Наварасійск. Транзіт праз Беларусь кожны год змяншаецца. Але, вядома, хацелася б, каб транзіт захаваўся, бо шэраг цэнтральна-еўрапейскіх краін атрымліваюць нафту менавіта па гэтым кірунку», — піша эксперт.

Ura.ru: Расія ў такім Лукашэнку не зацікаўлена

Рэзкія выказванні Аляксандра Лукашэнкі могуць абярнуцца для яго стратай улады. У такой сітуацыі Расія не будзе перашкаджаць Захаду, калі ён раптам вырашыць ліквідаваць Лукашэнку як палітычнага лідара, заявіў «Ura.ru» эксперт Міжнароднага інстытута гуманітарна-палітычных даследаванняў Уладзімір Брутэр.

«Калі ён будзе такім чынам рэагаваць на дзеянні Расіі, то яна не стане перашкаджаць Захаду ў яго ліквідацыі як палітычнага лідара. Ён павінен разумець, што Расія не зацікаўленая ў такім Лукашэнку», — сказаў суразмоўца агенцтва. Брутэр параіў беларускаму лідару зірнуць на прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку, «калі ён думае, што камусьці цікавы на Захадзе». «Хай паглядзіць, чым ён заканчвае», — удакладніў Брутэр.

Pravda.ru: Лукашэнка не ўмее гуляць у хакей

Сайт Pravda.ru параўноўвае Аляксандра Лукашэнку з хакеістам, які з энтузіязмам носіцца па пляцоўцы, забіваючы то ў адны, то ў іншыя вароты.

«Як вы будзеце ставіцца да такога гульца? Ну, вось і мы гэтак жа», — піша аўтар.

Выданне піша, што Расія не павінна здзіўляцца, калі Беларусь захоча сысці на захад.

«Іншае пытанне, ці патрэбна Захаду вітрына развітога сацыялізму, якая разаб'ецца без расійскіх грошай? Хутчэй за ўсё, там план іншы — пакінуць Мінску расійскія прэферэнцыі, забяспечыўшы палітычнае адзінства Беларусі з Захадам», — піша Pravda.ru.

Расійскі журналіст упэўнены, што Масква цярпіць многае ад свайго партнёра, нават узмацненне «антырасійскай рыторыкі», але не прамы эканамічны ўрон, які наносіцца кантрабандай на дзяржаўным узроўні.

«З улікам таго, што кожны год на прэферэнцыі Беларусі марнуецца да 6 мільярдаў даляраў, то Расія толькі выйграе ад сыходу Мінска на Захад», — піша Pravda.ru.

Царьград: Беларусь не стала нахабнай. У адрозненне ад свайго прэзідэнта

Чарнасоценнае выданне «Царьград» лічыць, што Лукашэнка рэгулярна абражае Расію.

«Расія сапраўды «стала нахабнай» — спрабуе абараняць свае законныя правы і падтрымліваць уласнага вытворцу. Мы і так стварылі свайму заходняму суседу рэжым максімальнага спрыяння, шмат у чым трымаем яго эканоміку за кошт уласных сродкаў, за кошт пенсій і заробкаў бюджэтнікаў», — піша Царьград.

Выданне ўпэўнена, што нафтаправод Лукашэнка не перакрые:

— Язык у Лукашэнкі, як вядома, надзвычай гнуткі і зусім пазбаўлены костак, але мазгі ў прэзідэнта Беларусі ёсць, — піша «Царьград».

«Ствараецца ўражанне, што паважанаму Аляксандру Рыгоравічу даруецца ўсё. Але мы не будзем адказваць хамствам на хамства. Беларусь не стала нахабнай. У адрозненне ад свайго прэзідэнта», — піша «Царьград».

У канцы артыкула выданне піша, што Беларусь павінна альбо стаць «пакорлівай малодшай сястрой Расіі», а то і зусім яе часткай, альбо стаць цалкам незалежнай ад Расіі краінай.

«І наша задача — стварыць умовы для таго, каб гэты выбар быў адзіна верным», — робіць выснову «Царьград».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?