«Калі мы ўбеглі ў кватэру, п'яная маці прачыналася. Анатоль — мінак, з якім мы беглі ратаваць хлапчука, — кінуўся на кухню, ціха-ціха падышоў да падаконніка і схапіў малога», — успамінае 17-гадовы школьнік Марат Сапега з Наваполацка. 11 красавіка неабыякавасць мінакоў дапамагла выратаваць жыццё 1,5-гадоваму хлопцу, піша Tut.by.

Каля 17.30 11 красавіка Марат ішоў па сваіх справах па сцежцы паміж жылым пяціпавярховікам і дзіцячым садам у Наваполацку — і раптам пачуў дзіцячы плач. Павярнуўся, паглядзеў наверх — і ўбачыў, што ў праёме адкрытага акна на пятым паверсе стаіць і плача малы ў кофтачцы і памперсах.

— Я стаў крычаць, клікаць яго бацькоў — але ніхто не выглядваў. Сталі збірацца людзі, усе перажывалі. Хтосьці стаў крычаць, каб з дзіцячага садка нам прынеслі пакрывала — нацягнуць на ўсялякі выпадак, раптам будзе падаць… Выбегла выхавальніца, вынесла вялікі кавалак тоўстай поліэтыленавай плёнкі — такі, як парнікі накрываюць. Мы пакінулі там некалькі чалавек нацягваць плёнку — і пабеглі да пад'езда, паралельна тэлефанавалі ў МНС, — успамінае Марат.

Марат Сапега. Фота: акаўнт героя ва «Укантакце».

Марат Сапега. Фота: акаўнт героя ва «Укантакце».

Але дзверы пад'езда былі зачынены на дамафонны замок. Марат і неабыякавы мінак Анатоль Платонаў вырашылі падзяліцца: падлетак палез на казырок пад'езда, каб патрапіць унутр праз лесвічнае акно, а Анатоль стаў тэлефанаваць ва ўсе запар кватэры. Атрымалася і ў аднаго, і ў другога — і мужчыны кінуліся ўверх па лесвіцы.

— Дзверы ў патрэбную кватэру былі прыадчынены, адтуль чуўся гучны дзіцячы плач. Забеглі — Анатоль кінуўся на кухню, ціха-ціха падышоў да падаконніка і схапіў малога. Той перастаў плакаць. У гэты час стала прачынацца маці. Мяркуецца, што яна была пад чаркай. На стале ў кухні стаяла недапітая пляшка гарэлкі.

Марат кажа, што дзіця яны аддалі маці, зачынілі акно, выклікалі міліцыю і засталіся чакаць. Па словах жанчыны, яна жыве адна, стамілася, прылегла і не чула, як плакала дзіця. Прыехалі ратавальнікі, міліцыянеры, лекары хуткай. Хлопчыка павезлі ў бальніцу, з маці засталіся разбірацца.

Паводле МНС, хлопчыка часова забралі з сям'і. Яго далейшы лёс будуць вырашаць органы апекі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?