У Менску вільготна і цёпла,
у смузе патанаюць агні.
Усё гэта фігня, безумоўна,
галоўнае — ты пазвані.
Іду праз натоўп, бы праз мора ‑
бясконцыя хвалі галоў.
Са мной маё смешнае гора‑
нагоды няма для размоў.
На ходніку мокрае лісце,
у лужыне пачак, як буй.
Хоць гэта, напэўна, ня выйсце,
усё ж такі – тэлефануй.
Калі ж зазьвініць у кішэні,
здалёк, як праз метры вады...
Як Фаўст аддам за імгненьне
душу – толькі будзь гэта ты!
* * *
Чытайце штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН творы і мініятуры. Для сэрца, для розуму, для мовы.





