У Расіі хочуць адрадзіць інстытут народных дружынаў. Эксперты мяркуюць, што гэта адна з рэакцый уладаў на магчымую эскалацыю сацыяльнай напружанасці.

 Фота Івана Ціхага.

Фота Івана Ціхага.

Дзярждума Расіі абмеркавала законапраект «Аб удзеле грамадзянаў у ахове грамадскага парадку», паведамляе Газета.Ru. Законапраект надзяляе афіцыйным юрыдычным статусам народныя дружыны, якія на сёння дзейнічаюць па-за федэральным прававым полем. Калі ж закон прымуць, да словаў дружыннікаў давядзецца прыслухвацца. Інакш – папярэджанне і нават штраф (каля 90 тыс. беларускіх рублёў) паводле адпаведнага артыкула ў адміністрацыйным кодэксе. Апрануць звыклую з савецкіх часоў чырвоную павязку зможа далёка не кожны: дапамагаць міліцыі змогуць асобы без судзімасцяў, псіхічных захворванняў. Не змогуць патрапіць у шэрагі дружыннікаў сябры палітычных партый і рухаў, грамадскіх аб’яднанняў.

Тлумачыцца неабходнасць вяртання да савецкай традыцыі цяжкай крымінагеннай сітуацыяй на гарадскіх вуліцах.

Ініцыятыву Дзярждумы ўхвалілі прадстаўнікі нацыяналістычных арганізацый, якія і раней выказвалі цікаўнасць да народных дружынаў. «У 2009 годзе чакаецца моцны ўсплёск вулічнай злачыннасці. Улады хочуць падстрахавацца», — мяркуе лідэр Руху супраць нелегальнай міграцыі Аляксандр Бялоў.

Расійскія праваабаронцы ў сваю чаргу лічаць, што дружыннікі патрэбныя ўладам, каб максімальна папярэдзіць магчымыя акцыі пратэсту ў час крызісу. «Гэта адна з урадавых антыкрызісных мераў. Але гэта пярэчыць Канстытуцыі і выкліча дадатковае супраціўленне грамадства», — заявіў выканаўчы дырэктар руху «За правы чалавека» Леў Панамароў. Засцярогі праваабаронцаў небеспадстаўныя. Раней паведамлялася, што МУС Расіі прагназуе рост сацыяльнай напружанасці ў 2009 годзе.

Дэпутаты Дзярждумы апелявалі да вопыту іншых краінаў, у тым ліку Беларусі. Дзейнасць народных дружынаў у нашай краіне рэгламентуецца законам «Аб удзеле грамадзянаў у ахове правапарадку» (№214-3 ад 26 чэрвеня 2003 г.). У сумесным з міліцыянтамі патруляванні часта прымаюць удзел чальцы праўладнай моладзевай арганізацыі БРСМ.

СП, паводле Газета.Ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0