Медычная камісія 12 студзеня прыняла рашэнне, што Іван Шыла з Салігорску прыдатны для праходжання вайсковай службы.
Шыла набыў вядомасць як адзін з лідэраў Маладога Фронту. Яго судзілі, арыштоўвалі, а калі пабачылі, што штрафамі не запалохаць, выгналі з школы ў час выпускных экзаменаў у чэрвені 2008 году.

«Я да апошняга не хацеў афішаваць справу з маім прызывам, бо сумняваўся, ці ёсць тут палітычны чыннік. Цяпер збольшага сумневы развеяліся. У панядзелак, калі выходзіў з пад’езду, каб пайсці ў ваенкамат, мяне адразу затрымалі супрацоўнікі міліцыі, і самі адвезлі туды. Доўгі час канчатковае рашэнне аб тым, ці пайду я ў войска, тармазілася рашэннем псіхолага. Разумееце, там у ваенкамаце сядзіць маладзенькая дзяўчына, якая глянула на маю біяграфію, дзе ёсць крымінальная судзімасць, звыш васьмідзесяці затрыманняў і некалькі мільёнаў штрафу, шчыра запыталася: а такіх бяруць у войска?» — кажа Іван Шыла.

Адразу па прывозе Шылы ў ваенкамаце прайшла камісія, дзе прысутнічалі галоўны доктар салігорскай раённай бальніцы, лекар з Мінску, а таксама два прадстаўнікі мясцовага ваенкамату. Паводле Івана, на пасяджэнні прысутнічаў супрацоўнік КДБ, які курыруе салігорскую апазіцыю. Менавіта ён даваў нейкія парады ваенкаму.
Таксама прысутнічала здымачная група БТ.

У выніку камісія прыняла рашэнне, што Шыла можа праходзіць тэрміновую службу ў войску. Ніякіх перашкод па здароўю ў яго няма. Цяпер 15 студзеня хлопец мусіць з’явіцца на прызыўную камісію, дзе будуць прысутнічаць прадстаўнікі вайсковых часцей. Найхутчэй, што тады і стане вядома, дзе будзе служыць адзін з лідэраў «Маладога фронту». Іван прагназуе, што яго павінны забраць у боты да 18 студзеня.

«Забіраючы у войска, мяне пазбаўляюць магчымасць атрымаць дыплом аб сярэдняй адукацыі не на паўтара году, а на два з паловай. А для мяне зараз галоўнае акурат атрыманне адукацыі», — трохі шкадуе І.Шыла. Праз неатрыманне дыплому хлопец не змог паступіць на вучобу ў ВНУ.

Але служыць пойдзе:

«Закон ёсць закон я не хачу яго парушаць і аспрэчваць, але б я хацеў, каб ён быў роўны для ўсіх».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?