У суботу 13 красавіка Ізраіль нанёс удары па Сірыйскім цэнтры навуковых даследаванняў і распрацовак у горадзе Мас'яф (Сірыя), паведамляе Reform.by са спасылкай на ізраільскі сайт Debka. У выніку загінулі і атрымалі раненні іранскія і сірыйскія спецыялісты, а таксама вайсковыя эксперты з Беларусі і КНДР, даведалася выданне ад крыніц у заходніх ваенных разведках.

Удары практычна цалкам знішчылі цэхі прамысловага комплексу, дзе працавалі карэйскія і беларускія спецыялісты. Яны займаліся мадэрнізацыяй ракет наземнага базавання для Сірыі і «Хезбала», вытворчасцю цвёрдага паліва для ракет і устаноўкай новых сістэм дакладнай навігацыі, прычым паўночнакарэйцы спецыялізаваліся на вытворчасці паліва, піша Debka.

Па інфармацыі выдання, беларускія спецыялісты былі наняты на працу сірыйскай Арганізацыяй тэхналагічных вытворчасцей (Organization for Technological Industries), якая выкарыстоўваецца для абыходу забароны на найманне вайсковых спецыялістаў для вытворчасці зброі ў Сірыі і продаж зброі рэжыму Асада. Большасць беларускіх вайсковых спецыялістаў патрапілі ў Сірыю праз дзяржаўную кампанію «Белзнешпрамсэрвіс».

Ізраільская кампанія спадарожнікавай здымкі ISI апублікавала здымкі аб'ектаў у Мас'яфе да і пасля ўдараў 13 красавіка. Паводле інфармацыі ISI, сур'ёзна пацярпеў завод, які, як мяркуецца, вырабляе ракеты класа «зямля-зямля». Ён знаходзіцца недалёка ад іншых вайсковых аб'ектаў, якія, магчыма, звязаны з іранскім ракетным праектам у Сірыі. Магчыма, усе яны фарміруюць адзін комплекс па вытворчасці ракет рознай далёкасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0