Інстытут гісторыі НАН Беларусі падрыхтаваў зборнік дакументаў і матэрыялаў аб месцы палітычных рэпрэсій Курапаты. Неўзабаве яго апублікуюць. Пра гэта паведаміў Tut.by намеснік дырэктара па навуковай рабоце інстытута Вадзім Лакіза. Ён жа распавёў пра сваё стаўленне да добраўпарадкавання ўрочышча.

Знос крыжоў у Курапатах, 4 красавіка 2019 года. Фота: Алена Талкачова, Tut.by.

Знос крыжоў у Курапатах, 4 красавіка 2019 года. Фота: Алена Талкачова, Tut.by.

У 2018 годзе, калі пачалося добраўпарадкаванне Курапатаў, Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі быў задзейнічаны ў працах ва ўрочышчы. Пра гэта распавёў намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза.

Заказчыкам работ была Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, якая працавала над устаноўкай у Курапатах помніка ахвярам палітычных рэпрэсій. Спецыялісты Інстытута гісторыі правялі археалагічныя даследаванні на месцы ўстаноўкі памятнага знака.

— Рабілі гэта, каб выключыць любую магчымасць наяўнасці ў тым месцы пахаванняў — там іх не было. Вадзім Кошман, які атрымліваў дазвол на працы, вынікі адлюстраваў у справаздачы.

Вадзім Лакіза дадаў, што Інстытут гісторыі падрыхтаваў зборнік дакументаў і матэрыялаў пра Курапаты.

— Спадзяюся, што вось-вось гэты зборнік дакументаў будзе апублікаваны і ён пралье святло на многія пытанні.

На пытанне, ці не збіраюцца Інстытут гісторыі ці Міністэрства культуры ініцыяваць спробу высветліць імёны і колькасць людзей, якія пахаваны ва ўрочышчы Курапаты, Вадзім Лакіза адказаў:

— Колькасць мы ніколі дакладна не даведаемся. Спрэчкі застануцца, але сказаць, колькі менавіта людзей там пахавана, немагчыма. Я асабіста і мае калегі будзем заўсёды супраць работы, накіраванай на раскрыццё ўсіх западзін, якія ёсць у Курапатах. Там забітыя людзі пахаваныя, не трэба трывожыць іх. Зроблена вельмі шмат, каб паказаць, што там было. Асобы ўстанавіць у большасці немагчыма: па тых прадметах, якія былі выяўлены, — устаноўлены толькі два прозвішчы. Гэта ўсе імёны, што ёсць з амаль тысячы ідэнтэфікаваных людзей.

Фота: Яўген Ярчак, Tut.by.

Фота: Яўген Ярчак, Tut.by.

Наконт добраўпарадкавання, якое цяпер праходзіць у Курапатах, у Інстытут гісторыі ніхто не звяртаўся.

— У Інстытут гісторыі не звярталіся, таму што гэта не рэгламентуецца заканадаўствам. Гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, і ў адносінах да яе прапісаныя механізмы, алгарытмы дзеянняў: ёсць уласнік, ёсць пашпарт. Чаму там так усё адбываецца? Я не магу сказаць. Асабіста я і многія мае калегі бы так не рабілі. Курапаты — гэта месца, якое павінна аб’ядноўваць грамадства. Можна было б зрабіць па-іншаму (добраўпарадкаванне. —TUT.BY), але ад нас гэта на сённяшні дзень не залежыць.

Вадзім Лакіза заклікаў ставіцца да Курапатаў больш узважана, асцярожна і несуб'ектыўна.

— Камусьці будзе падабацца помнік, камусьці не. Камусьці будзе падабацца агароджа, камусьці не. І як вырашыць гэтае пытанне?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?