Банкіры з Нацбанку і іх дарадцы з МВФ аказаліся адукаванымі эканамістамі, але кепскімі псіхолагамі. Піша эканаміст Аляксандр Чубрык.

«Ад гэтых пчолаў можна чакаць чаго заўгодна».

Віня-Пых

На 20,45% бяднейшымі ўвайшла большасць беларусаў у новы 2009 год. Ніколі раней Нацбанк не дазваляў сабе за адну ноч скрасці ў беларусаў пятую частку іхніх ашчаджэнняў у тым, што ганарова называлася «нацыянальнай валютай». Нават у 1998‑99 гадох дэвальвацыя была павольнай. І прадказальнай. Чаканай. Тое, што адбылося цяпер, — неспадзяванае. І нават непрадказальнае.

Банкіры – адукаваныя эканамісты. Яны добра разумелі, што стабільны рубель захаваць ня ўдасца і што павольная дэвальвацыя доўга не ўтрымае – бо хутка пазбавіць Нацбанк валютных рэзерваў. Разумелі яны й тое, што пры былым валютным курсе выдаткі экспарцёраў завялікія і што дэвальвацыя спрыяе экспарту. Але нацыянальныя ды міжнародныя банкіры кепскія псіхолагі. Нават кепскія арыфметыкі.

Спачатку тое, што разумее кожны чалавек. Ты прачнуўся раніцою – а курс ужо не 2200, а 2650. Без гандлёвай сесіі на Беларускай валютна‑фондавай біржы. Без папярэдніх тлумачэнняў. Ды яшчэ на Новы год. Ты пойдзеш у банк за сваім укладам у нацыянальнай валюце. І стрэнеш там чэргі з такіх, як ты. Ты здымеш гэтыя грошы й пойдзеш мяняць іх на даляры.

Увечары ты з сябрамі піў «за стабільнасць». Ты ведаў, што беларуская нацыянальная валюта не вельмі трывалая, але ж ты меў досвед, паводле якога яна губляла сваю каштоўнасць паступова. Але на раніцу, ці пад абед, ці ўвечары ты даведаўся, што ў цябе забралі грошы, не папярэдзіўшы. Ці ты паверыш пасля гэтага Нацбанку? А ўраду? А ці захочаш ты трымаць у банку свае валютныя ашчаджэнні?

А што ты зробіш з заробкам, ледзь яго атрымаўшы? А калі 3 млн 700 тысяч працоўных здымуць з картак свой сярэдні мільён, то Нацбанк мусіць забыцца на 2650. Ці на адзіны валютны курс ды адсутнасць ценевага рынку. Але галоўнае – на давер да сябе й сваіх дзеянняў.

Хворае ўяўленне эканаміста намалюе шмат сцэнароў далейшых падзеяў. Каб пазбегнуць банкруцтва банкаў ды далейшай дэвальвацыі, Нацбанк робіць такія «ліберальныя» крокі: «часовае» прыпыненне выдачы дэпазітаў насельніцтву (эканаміст М.Ротбард называў гэта «ліцэнзіяй на крадзёж»), адмена пункту Банкаўскага кодэксу, паводле якога банк мусіць вярнуць дэпазіт праз пяць дзён пасля таго, як асоба папрасіла пра гэта банк, продаж валюты дазваляецца толькі на пэўныя мэты ці пад пэўныя ўмовы... А гэта значыць, будзе створаны ценевы валютны рынак. Дакладней, ён мусіць існаваць ужо ад учорашняга дня.

Далей – што робіцца з прадпрыемствамі‑імпарцёрамі? Іх выдаткі за ноч выраслі на 20,45%. Падвысіць цэны? А попыт гэткія цэны не праглыне.

Крызіс пераходзіць з уяўнай стадыі ў рэчаісную. Вядома, вінаваты тут не Нацбанк, а сусветны крызіс – ды нашая арыентацыя на расейскі рынак. Але адаптавацца да павольнай дэвальвацыі было б прасцей.

Калі б Нацбанк дэвальваваў рубель да 3500–4000, вынікі былі б такія ж самыя, толькі рэзервы цалейшыя ды экспарцёры шчаслівейшыя. Красці – дык па‑буйному.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0