Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Авальнай зале звярнуўся са штогадовым пасланнем да народа і парламента. Выступ доўжыўся дзве гадзіны, а яшчэ нейкі час ён адказваў на пытанні дэпутатаў. Што ж важнага сказаў Лукашэнка? Паспрабуем сцісла пераказаць у гэтым матэрыяле.

Намякаў, што гэта яго апошні ці перадапошні тэрмін

На пытанне Алены Анісім, якую ён упарта называў «Таццянай», пра помнікі заснавальнікам БССР Чарвякову і Жылуновічу, Лукашэнка адказаў: «Можа, гэта вы ўжо з наступным прэзідэнтам».

Яшчэ раз пра свайго пераемніка ён стаў гаварыць, калі зайшла размова пра змены ў Канстытуцыі. Маўляў, ён не хоча пакідаць наступнаму прэзідэнту Канстытуцыю ў сённяшнім выглядзе. Лукашэнка хоча зменшыць паўнамоцтвы прэзідэнта і пашырыць паўнамоцтвы іншых органаў улады, каб наступнік займаўся больш важнымі справамі, а не «ездзіў па палях і калгасах». Пры гэтым ён сказаў, што яго не задаволіць варыянт «Лукашэнка сышоў, але насамрэч не сышоў». «Такога не будзе — абяцаю».

Прэзідэнцкія выбары пройдуць у 2020 годзе. Праз шэсць гадоў Лукашэнку будзе ўжо 70. У адзін з момантаў ён адзначыў, што пенсіянеры могуць актыўна працаваць да 75, а часам і да 80 гадоў.

Магчыма, Лукашэнка сапраўды прадбачыць, што гэта ягоныя апошнія (ці перадапошнія) выбары і апошні (ці перадпошні) тэрмін. А тут яшчэ прыклад Нурсултана Назарбаева падвярнуўся, што можна рабіць і так.

Чытайце таксама: Лукашэнка анансаваў аслабленне паўнамоцтваў прэзідэнта перад перадачай улады

Пазбягаў слова «Расія»

Лукашэнка падчас усяго выступу мэтанакіравана і паслядоўна пазбягаў выразаў канкрэтна пра Расію. Ясна, што шмат дзе гэта відавочна чыталася. Напрыклад, пра краіну, якая ўвяла гандлёвыя абмежаванні супраць свайго стратэгічнага партнёра. Ці пра каналы, якія ствараюць фэйкі пра Беларусь з-за мяжы. Калі Лукашэнка надзвычай коратка (ды яшчэ і пасля таго, як было вырашана важнае пытанне заробкаў гандбалістаў) зачытаў па паперцы тэзісы пра міжнародныя адносіны, то ён гаварыў пра «саюзную дзяржаву» і Еўразійскі эканамічны саюз, але не наўпрост пра адносіны з Расіяй, як з Кітаем і ЗША. У адказах на пытанні «Расія» ўжо стала гучаць.

Тое, што з Расіяй не ўсё добра, можна меркаваць па тых кпінах, якія Лукашэнка адпускаў у адрас пасла ўсходняй суседкі Міхаіла Бабіча. «Відаць, пасол кепска лічыць», — сказаў Лукашэнка, калі адказваў на пытанне дэпутаткі Ганны Канапацкай. Думаю, тут многія прачыталі алюзію на словы прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза, які назваў Бабіча «падаючым надзеі рахункаводам». Магчыма, менавіта Бабіча меў на ўвазе Лукашэнка, калі гаварыў пра замежнікаў, якія прыехалі ў Беларусь і сталі ствараць «старонкі» з фэйкамі. «Трэба будзе — выкідвайце», — сказаў Лукашэнка.

Абяцаў, нібыта выбары ўжо пачаліся

Выступ Лукашэнкі быў вельмі папулісцкім па сваёй сутнасці. Мы ўжо адзначылі, што ён зусім мала гаварыў пра геапалітычныя рэчы, як і пра стан беларускай эканомікі. Затое ён шмат сыпаў абяцаннямі. Не дапускаць інфляцыю, вышэйшую за 5%, дабіцца таго, каб не раслі цэны на асноўныя віды тавараў. Абяцаў павысіць заробкі бюджэтнікам (выхавацелям дзіцячых садкоў, якія нідзе падпрацаваць не могуць у адрозненне ад «няшчаснага настаўніка»), спартсменам. Загадаў не звальняць пенсіянераў, калі яны могуць якасна выконваць сваю працу. «Беларуская ўлада — гэта народная ўлада», — казаў Лукашэнка. Заробкі, цэны — гэта тое, на што пайшла асноўная частка выступу кіраўніка краіны. Пасланне сапраўды была найперш накіравана на ўнутранага, а не вонкавага спажыўца.

Мова і незалежнасць для Лукашэнкі не тоесна

Лукашэнка сказаў, калі нехта паспрабуе знішчыць Беларусь, то яго «пракляне беларускі народ», а таксама захопнікі сутыкнуцца з узброеным супрацівам ад моладзі, якая нарадзілася і вырасла ў незалежнай Беларусі. Кіраўнік краіны адзначаў, што гандаль незалежнасцю зусім не прымальны для Беларусі, а «інтэграцыю дзеля інтэграцыі» ён не прымае. Інтэграцыя павінна прыносіць Беларусі нейкую карысць. У прынцыпе, гэта абсалютна ніяк не розніцца ад таго, што кіраўнік краіны казаў раней.

Лукашэнка прыгожа сказаў, што беларуская мова — гэта сэрца народа. Але нашмат болей водгукаў сабрала гісторыя ад кіраўніка краіны пра надпіс «выконвай хуткасны рэжым» — маўляў, госці нашай краіны не зразумеюць, што там напісана па-беларуску. Фактычна такім чынам Лукашэнка паказаў, што беларуская мова кінутая на алтар добрых адносінаў з Расіяй. Кіраўнік краіны для сябе абсалютна не атаясамлівае пытанні мовы і незалежнасці.

Падтрымка буйных вытворцаў, а не сярэдняга бізнэсу

У эканоміцы ўстаноўка Лукашэнкі была вельмі простай: падтрымліваць трэба найперш і прыярытэтна буйную вытворчасць. Бо яна прыносіць краіне даляры, еўра і расійскія рублі. А дробны і сярэдні бізнэс ва ўспрыманні Лукашэнкі па-ранейшаму «тарбэшнікі» і «мяшэчнікі», якія найперш думаюць пра свае ўласныя інтарэсы, а не пра інтарэсы дзяржавы. Маўляў, вось у Італіі сярэдні і дробны бізнэс сапраўдныя, а ў нас нейкая фальшыўка.

Калі была частка выступа, прысвечаная ІТ-тэхналогіяй (усе парагаталі з фразы пра «3D-прынтары, якія не надрукуюць вам дзяцей»), то Лукашэнка паставіў праграмістам задачу ісці разам з гігантамі нашай вытворчасці. Такімі, як МАЗ і БелАЗ, ствараць новыя тэхналогіі для іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?