Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 красавіка сустракаўся са спартсменамі і трэнерамі зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы. Нядаўна каманда вярнулася з чэмпіянату Еўропы ў Батумі, дзе заняла сумарна другое месца.

Лукашэнка прымае зборную па цяжкай атлетыцы. Фота БелТА.

Лукашэнка прымае зборную па цяжкай атлетыцы. Фота БелТА.

«Цяжкая атлетыка ўваходзіць у каралі тых відаў спорту, якія прыносяць славу. Гэта вялікі від спорту», — сказаў Лукашэнка, які запэўніў, што цалкам паглядзеў апошні чэмпіянат. Ён заявіў, што сам спрабаваў заняцца цяжкай атлетыка, але ў яго не атрымалася.

Трэнер Валерый Сізёнак атрымаў з рук Лукашэнкі медаль «За працоўныя заслугі», а спартсменцы Дар’і Навумавай было прысвоена званне «Заслужанага майстра спорту Беларусі».

Пасля фармальнай часткі пачалася нефармальная, дзе атлетаў частавалі не толькі чаем, але і хлебам з салам. Лукашэнка даў наказ часцей ужываць гэты прадукт.

Звярнула ўвагу, што на сустрэчы адсутнічаў славуты спартсмен, алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў. Гэта спартсмен няпростага лёсу. У 20 гадоў ён бліскуча выйграў Алімпіяду ў Пекіне, але пасля ў яго пачаліся праблемы.

Алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў. Фота mlyn.by.

Алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў. Фота mlyn.by.

У тым жа 2008 годзе яго затрымалі за п'янае кіраванне аўто, пазбавілі правоў. Але ездзіць на машыне праз гэта Арамнаў не перастаў. Яго пазбавілі прэзідэнцкай стыпендыі і дыскваліфікавалі на два гады. Калі Арамнаў вярнуўся, то на чэмпіянаце Еўропы ў Мінску яго злавілі не на допінгу, а за паленне марыхуаны.

Зноў была дыскваліфікацыя. У 2017 годзе высветлілася, што Арамнаў прысуджаны да 2 гадоў «хатняй хіміі» за чарговае п'янае кіраванне.

Сёлета Андрэй чарговы раз вярнуўся ў спорт і адразу ўзяў срэбраны медаль у Батумі. «Наша Ніва» пацікавілася ў Арамнава, чаму яго не было на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Так атрымалася, што адразу пасля чэмпіянату Еўропы я ўзяў білеты на адпачынак, у мяне ёсць роўна 10 дзён на адпачынак. Справа ў тым, што 2 мая ўжо трэба аднаўляць трэніроўкі да чэмпіянату свету, у мяне вельмі сур’ёзныя планы на гэтыя старты. А я ўжо настолькі стары, што мне абавязкова трэба насыціць арганізм сонечнымі і салёнымі ваннамі. Я цяпер знаходжуся ў нашым простым, звычайным Егіпце. Вельмі хацеў быць на сустрэчы з прэзідэнтам, але так атрымалася», — расказаў нам Андрэй Арамнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?