У ноч на 16 красавіка ў міліцыю патэлефанаваў жыхар Баранавічаў і расказаў, што падчас размовы з сястрой даведаўся, што калісьці ў двары яго дома іх сваячка закапала дзіця. На месца здарэння прыехала следча-аператыўная група. На месцы, якое паказаў мужчына, міліцыянеры выявілі закапаныя касцяныя астанкі немаўляці, загорнутыя ў поліэтыленавы пакет. Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Баранавіцкага ГАУС высветлілі маці дзіцяці — гэта 52-гадовая жыхарка Баранавіч. Яна патлумачыла, што хлопчыка нарадзіла ў 1993 годзе. Следчым упраўленнем УСК па Брэсцкай вобласці ў дачыненні да жанчыны распачата крымінальная справа за забойства.

Паводле інфармацыі Intex-press, жанчына, падазраваная ў забойстве дзіцяці, у 90-х гадах была кватаранткай у доме, каля якога знайшлі рэшткі.

Муж у версію забойства не верыў:

— Па маёй памяці, у яе выкідыш быў — нарадзілася дзіця мёртвае, а брат яе яго закапаў. Мяне там не было. Пра забойства — гэта няпраўда. Хай адвакат і міліцыя ва ўсім разбіраюцца, — распавёў Intex-press мужчына.

Дом, каля якога знайшлі рэшткі дзіцяці. Фота: Аляксандр Чорны.

Жанчыну затрымалі, а праз некалькі дзён адпусцілі з ІЧУ. Увечары 22 красавіка яе цела знайшлі ў тэхнічнай сажалцы ў Паўночным мікрараёне каля Лядовага палаца.

— Відавочных прыкмет гвалтоўнай смерці на целе выяўлена не было, прызначана судова-медыцынская экспертыза. Па факце выяўлення цела праводзіцца праверка, — паведамілі Intex-press у Следчым камітэце.

У СК таксама патлумачылі, што, нягледзячы на ​​гібель падазраванай, расследаванне крымінальнай справы працягваецца.

— Рэшткі дзіцяці потым перададуць сваякам для пахавання, — адзначыў Дзмітрый Іванюк, афіцыйны прадстаўнік УСК па Брэсцкай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?