Пра тое, што на Беларусь ідзе пылавая бура з Афрыкі, напісалі ў twitter-акаўнце nadvorie.

«Калі прыгледзецца, то ўжо цяпер бачны белаваты колер неба, а на гарызонце ўсе закрыта смугой (насамрэч, гэта пыл). Захады павінны пачацца крывавыя», — гаворыцца там.

Сапраўды, апошнія два дні сонца сядае надзвычай чырвонае. 

Тым часам пыл з Сахары пранікае ва Усходнюю Еўропу. У Польшчы ўжо публікуюць фатаграфіі слупоў пылу.

Beata Wyszczelska / Grzegorz Zawiślak

Beata Wyszczelska / Grzegorz Zawiślak

Магчыма, дабралася пясчаная бура і да Заходняй Беларусі.

Жыхары мікрараёна Альшанка ў Гродне зазначаюць, што ў горадзе паднялася пясчаная бура, паведамляе newsgrodno.by

Праўда, у каментарах да фотак і відэа пішуць, што гэта можа быць пыл, узняты на палях трактарамі.

Чытайце таксама: Пясчаная бура напалохала жыхароў Бярозы і паваліла шчыт, пашкоджаны дзве машыны ВІДЭА

У Белгідрамеце распавялі Tut.by, што ў шмат якіх гарадах сапраўды назіраецца павышаны ўзровень забруджвання паветра пылам.

— Але ў найбліжэйшы час істотнага павелічэння колькасці пылу не прагназуецца, — растлумачылі спецыялісты.

Сіноптыкі патлумачылі, што цяпер у Беларусі пераважае вецер паўднёва-ўсходняга напрамку. Гэта значыць, што паветраныя масы паступаюць з усходу Украіны, а не з боку Польшчы. Але не выключана, што пыл з Афрыкі можа ўплываць на стан паветра і ў нас — з-за трансгранічнага пераносу пылу на далёкія адлегласці ёсць імавернасць, што яе колькасць павялічыцца і ў паветры Беларусі.

Аднак асноўная прычына забруджвання паветра ў нас у краіне іншая.

— У шмат якіх гарадах Беларусі, дзе праводзяцца назіранні за станам атмасфернага паветра, сапраўды назіраецца павышаны ўзровень забруджвання паветра пылам. Асноўная прычына: у краіне на працягу доўгага перыяду часу адсутнічаюць ападкі, - паведамілі ў Белгідрамеце.

Спецыялісты адзначаюць, што менавіта з-за таго, што няма дажджу, паветра ў Беларусі зараз забруджана цвёрдымі часціцамі. Ёсць адзінкавыя выпадкі перавышэнняў нарматываў якасці па газападобных рэчываў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0