Ну, з новым! ці ўсё-ткі старым?
- С+Н+Г
Калі Новы год стаў стары,
ён сустрэў непазьбежнае з гумарам.
На пэнсію выйшаў. Засеў за чытаньне.
Вывучыў слова «аксюмаран».
Бо ён стаў такі ж, як гарачы сьнег або прафэсійны аматар,
Другі Прэзыдэнт Беларусі й квадратны ілюмінатар.
Ён ведае ўсё, што ведае старасьць, і можа, як маладосьць.
Спытаюцца: «Ёсьць бухло?» Адкажа: «няма» і «ёсьць».
Спытаюць пра сьпёку – адкажа: «У нас таксама залева».
Ідзе направа – песьню заводзіць, і байкі баіць налева.
Ён сьмела залезе ў палонку з варам,
пятая кропка зробіцца тварам,
і брыдкая прыгажуня зноў стане прыгожым пачварам.
Ён нават прысьніў, што нейк удалося злаўчыцца –
і ён цяпер геній і, адначасова, злачынства!
Што ён сякера – і бабця-ліхвярка,
чарка і скварка, пастух і сьвінарка,
цяжкая прамысловасьць – і сельская гаспадарка.
Яму за маральную шкоду дадуць трохі газу з усходу,
якога хопіць якраз да новага Новага году.
А ён зьмяшае «савецкі шампунь» і бальзам,
два ў адной пасудзіне –
і вып’е за тое, што наша жыцьцё не канчаецца першага студзеня!