Намесьнік начальніка ўпраўленьня міліцыі Цэнтральнага раёну Менску палкоўнік Аляксандар Басаў закрыў адміністрацыйную справу супраць былога старшыні РЭП Генадзя Фядыніча, асуджанага на абмежаваньне свабоды («хатнюю хімію»), піша «Радыё Свабода».

Справа зьявілася пасьля таго, як 30 сакавіка Генадзя Фядыніча затрымалі двое супрацоўнікаў міліцыі і адвезьлі на мэдычны агляд. Прафсаюзнаму актывісту інкрымінавалі частку першую артыкула 17.3 Кодэксу аб адміністратыўных парушэньнях — зьяўленьне ў грамадзкіх месцах у стане ап’яненьня. Гэта пагражала штрафам да 204 рублёў.

Пры гэтым Фядыніч прызнаваў, што сапраўды выпіў крыху каньяку, але быў дома, у грамадзкіх месцах не зьяўляўся — за выключэньнем паездкі зь міліцыянтамі.

Фядыніч падыхаў у трубку — апарат паказаў 1,5 праміле, узяць кроў для больш дакладнага аналізу мэдыкі адмовіліся. 3 красавіка міліцыя вынесла Фядынічу першую вымову за парушэньне рэжыму адбываньня «хатняй хіміі».

25 красавіка намесьнік начальніка ўпраўленьня міліцыі Цэнтральнага раёну Менску палкоўнік Аляксандар Басаў разглядаў пратакол аб зьяўленьні Фядыніча ў нецьвярозым стане ў грамадзкім месцы.

«Пасьля майго апытаньня, прагляду відэа і выступленьня адваката палкоўнік нечакана спытаў: што прапануе абаронца? Мая адвакат заявіла, што ня ўгледзела ў маіх дзеяньнях элемэнтаў адміністрацыйнага правапарушэньня. Спадар Басаў зь ёй пагадзіўся і спыніў адміністрацыйны перасьлед у сувязі з адсутнасьцю складу правапарушэньня», — сказаў Свабодзе Генадзь Фядыніч.

Вымова Фядынічу застаецца ў сіле. А вось грашовага штрафу ён пазьбег.

Пасьля трох вымоваў «хатнюю хімію» могуць замяніць на больш жорсткія ўмовы адбыцьця пакараньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?