Трое хлопцаў з Расіі арганізавалі пад Мінскам наркалабараторыю, канфіскавана каля 30 кг псіхатропаў. Гэта найбуйнейшая наркалабараторыя за гісторыю незалежнай Беларусі, паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце.
Супрацоўнікі аператыўнага падраздзялення пагранслужбы і КДБ сумесна з ФСБ Расіі ў ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў спынілі дзейнасць прафесійна абсталяванай падпольнай лабараторыі ў Мінскім раёне. Яна спецыялізавалася на вытворчасці асабліва небяспечных псіхатропаў альфа-PVP і альфа-PHP.
Двух хлопцаў 1995 года нараджэння 23 красавіка затрымалі з доказамі злачынства ў Хацежыне, іх падручнага — на складзе ў в.Малінаўка. Усе трое — грамадзяне Расіі.
«Выяўлены і канфіскаваныя прамысловае лабараторнае абсталяванне, белы парашок агульнай вагой каля 30 кг і розныя вадкасці агульным аб'ёмам 750 л. Па заключэнні эксперта, прадстаўленыя ўзоры з'яўляюцца асабліва небяспечнымі псіхатропнымі рэчывамі альфа-PVP і альфа-PHP, а таксама прэкурсораў 4-метылпрапіяфенон. Папярэдне ўстаноўлена, што прэкурсоры для вырабу псіхатропаў і лабараторнае абсталяванне былі ўвезены ў Беларусь з тэрыторыі Расіі», - праінфармавалі ў Дзяржпагранкамітэце.
За арганізацыю наркалабараторыі ім пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.