История55

Станислав Монюшко застенчивый, импульсивный, бесхозяйственный. И Минск, который он возненавидел

5 мая исполняется 200 лет со дня рождения великого композитора. Историки, готовясь к юбилею, с удивлением отмечают, что жизнь и творчество Монюшко достаточно плохо изучены. Посвященные ему монографии грешат фрагментарность, стереотипами, фантомными «фактами», устаревшими выводами. Для читателей «Нашай гісторыі» настоящего Монюшко пытается раскрыть доктор истории Алесь Белый.

Малады Манюшка. Партрэт французскага мастака Адольфа Ляфоса. Фота: Wikimedia Commons.

Эпісталярная спадчына кампазітара захавалася фрагментамі: першы біёграф кампазітара, Аляксандр Валіцкі, выбраў з лістоў тыя факты, якія палічыў пажаданымі, і пасля гэтага значную частку лістоў знішчыў. Падобным чынам зрабіла і ўдава кампазітара — блізкія не хацелі кампраметацыі Манюшкі ў вачах расійскіх уладаў. Шмат чаго загінула падчас Другой сусветнай вайны.

Яшчэ адна з прычын, чаму жыццё і творчасць кампазітара дагэтуль не вывучаныя як след, — недаацэненасць мінскага і віленскага перыядаў у жыцці Манюшкі, яго зацікаўленасці літоўскай і асабліва беларускай культурамі. Так атрымліваецца, што 40-гадовы Манюшка з’яўляецца на культурным небасхіле Варшавы зніадкуль. Некамунікабельны, дзівакаваты, ён нечакана піша некалькі геніяльных опер і праз пэўны час памірае. Жыццё генія да пераезду ў польскую сталіцу быццам не мае самастойнай вартасці. Мінск жа ў такой перспектыве выглядае мядзведжым кутом, цэнтрам расійскай бюракратыі, месцам асабістых пакут Станіслава. Гэта, канечне, праўда, але не ўся.

 А дражнілі Панічом

Станіслаў Манюшка нарадзіўся 5 мая 1819 года на Ігуменшчыне — у савецкі час Ігумен быў перайменаваны ў Чэрвень. Ён быў адзіным дзіцём у былога напалеонаўскага афіцэра Чэслава Манюшкі і Лізаветы Маджарскай, праўнучкі заснавальніка слуцкай мануфактуры паясоў.

Стасік Манюшка чытае на ложку ў радавым маёнтку Убель на Ігуменшчыне. Намалявана ягоным бацькам.

Ад пачатку быў хваравітым, ціхмяным, меланхалічным хлопчыкам, вельмі прывязаным да маці і ўвогуле да сям’і — спачатку бацькоўскай, затым уласнай.

З дзяцінства меў звычку хадзіць на дыбачках, каб не прыцягваць да сябе лішняй увагі. Гэтую няўпэўненасць захаваў і ў дарослыя гады.

Вочы меў блакітныя, невялікія, хаця жывыя і выразныя. З маленства насіў акуляры і да таго ж трохі «касавурыў». Быў невысокага росту, схільны да атлусцення. Гэта ў спалучэнні з маларухомым ладам жыцця вяло да букета хвароб, у тым ліку сардэчных, якія істотна скарацілі кампазітару жыццё. Кульгаў на адну нагу, з 25 гадоў пачаў імкліва лысець.

Зразумеўшы, што ў сына нешараговы музычны талент, бацькі перавезлі 8-гадовага Стася ў Варшаву. Там ён правёў 3 гады, пачаўшы вучыцца ў арганіста Аўгуста Фрэера. Аднак варшаўскае жыццё біла па кішэні, і сям’я перабралася ў губернскі Мінск, дзе была, прынамсі, добрая гімназія і цеплілася сякое-такое музычнае жыццё. Душой яго быў Дамінік Стэфановіч, дырыжор мясцовага аркестра, які па святах граў з балкона мінскай ратушы, дзе даваў і прыватныя ўрокі — ён трымаў штосьці накшталт прыватнай музычнай школкі. Стэфановіч быў другім настаўнікам Стася і першым, хто прадказаў яму будучыню славутага кампазітара.

Мінск. Касцёл Фамы Аквінскага і дом, дзе жылі Манюшкі ў 1830—1831 гадах. Цяпер на гэтым месцы газон ля Палаца Рэспублікі. Малюнак Іосіфа Лангбарда.

Ад яго гімназічных гадоў засталося мала ўспамінаў: вядома, што Стась амаль не дурэў з аднакласнікамі, пазбягаў рухомых гульняў і меў мянушку Паніч. Шмат чытаў і кожную вольную хвіліну стараўся прысвячаць заняткам музыкай. Хутчэй за ўсё, праз кепскае здароўе сышоў з гімназіі пасля шостага, перадапошняга, класа. Ішоў 1834 год. Часам пішуць, што бацькі забралі яго з гімназіі, бо пасля паразы паўстання там запанавалі русіфікацыйныя тэндэнцыі, але, здаецца, гэта патрыятычны штамп — непасрэдных сведчанняў пра гэта няма.

Усе мясціны ў Мінску, звязаныя з Манюшкам, знаходзяцца на Высокім рынку або суседніх вулках Верхняга горада. Так што помнік, які Манюшка дзеліць з партнёрам па творчасці Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, стаіць не на выпадковым месцы, а акурат у цэнтры ягонага юнацкага сусвету.

Помнік «Жыхары Мінска XIX стагоддзя: кампазітар Станіслаў Манюшка і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — стваральнікі беларускай нацыянальнай класічнай оперы». Класікі сядзяць на лаве, нібыта абмяркоўваючы будучы сумесны праект. Фота: shutterstock.com, by PPL.

Дырыжор у розных ботах

Калі Мінск — горад дзяцінства, дык Вільня — горад Манюшкавага маладога шчасця. Гэта, без сумневу, адзіны горад, дзе ён адчуваў сябе як дома. Тут і знайшоў каханне. 17-гадовы Станіслаў практыкаваўся на фартэпіяна, і на гукі музыкі цішком зазірнула Аляксандра Мюлер, дачка віленскіх мяшчан, якія трымалі гатэль на вуліцы Нямецкай (па-літоўску Vokiečių). Яны пражылі разам 36 гадоў і мелі 10 дзетак (трое з іх памерлі ў дзяцінстве).

Будучая цешча адразу паставіла ўмову: яна не дасць згоды на шлюб, калі хлопец не набудзе прафесіі. Таму з 1837 па 1840 год ён вучыўся ў берлінскай Singakademie ў Карла Фрыдрыха Рунгенхагена.

Утрыманне такой вялікай сям’і (потым з імі жыла і цешча, і аўдавелы бацька) вымагала каласальных высілкаў. Зарабляць музыкай было надзвычай цяжка. Да таго ж, Манюшкі былі не вельмі дбайнымі гаспадарамі, часта марнавалі грошы на выпадковыя рэчы. Напрыклад, аднойчы Станіслаў імпульсіўна купіў некалькі клетак з канарэйкамі.

Нярэдка даводзілася залазіць у пазыкі. Зрэшты, у гэтых справах Манюшка быў чалавекам гонару і заўжды вяртаў, што быў вінен, у адрозненне, напрыклад, ад Дуніна-Марцінкевіча, пра якога кампазітар выказваўся як пра не вельмі прыстойнага чалавека.

Касцёл Святых Янаў, у якім працаваў Манюшка, быў самым высокім будынкам Вільні. Фота: shutterstock.com, by astudio.
Арган, на якім іграў Манюшка. Гэты арган быў перавезены сюды ў 1839 годзе з зачыненага касцёла Святога Стэфана ў Полацку. Фота: Wikimedia Commons.

18 гадоў Манюшка быў арганістам у віленскім касцёле Святых Янаў пры былым універсітэце, даваў прыватныя ўрокі. Нейкі даход прыносіў продаж ягоных славутых «Хатніх спеўнікаў».

Але гэта было жыццё на мяжы беднасці. Аднойчы Манюшку прыйшлося дырыжыраваць аркестрам у няпарных ботах.

Няўпэўненасць і адсутнасць навыкаў адміністратара істотна перашкаджалі ягонай дзейнасці як дырыжора. Але ў прыватным жыцці, сярод людзей, якім давяраў, Манюшка быў вясёлым, лагодным, дасціпным — і прытым далікатным, стараўся не зачапіць пачуцці суразмоўца. Як нярэдка здараецца сярод вялікіх кампазітараў, спяваў досыць няўмела, толькі пры блізкіх, ціхім нястройным голасам, прытым з цыгарай у зубах.

Помнік Манюшку перад касцёлам Святой Кацярыны ў Вільні. Фота: Wikimedia Commons.

Любіў даваць мянушкі знаёмым людзям і сямейнікам. Жонку Аляксандру ласкава зваў Омкай, а яна яго — Гуця, скарочана ад старабеларускага і польскага слова «когут» — «певень». Хтосьці, здаецца, за вочы называў яго «когут літоўскі».

І касцёл, і казіно

Ад варшаўскага перыяду, калі Манюшка рабіўся штогод усё вядомейшым, сведчанняў захавалася больш. Прачынаўся вельмі рана, звычайна а 5-й гадзіне, а летам і раней, і ішоў у касцёл на імшу. Увогуле, быў чалавекам вельмі пабожным, верыў, што ўсе жыццёвыя праблемы можна вырашыць малітвай, але пазбягаў пабожнасці паказной, дэманстратыўнай і ніколі нікому ў вочы «святасцю» не тыкаў.

«Пабожны правінцыял» — ахарактарызаваў яго першы біёграф Аляксандр Валіцкі.

А сам Манюшка назваў сябе ў адным з лістоў «мізантропам». Па вяртанні з касцёла засядаў за працу і амаль усё, што выходзіла з-пад ягонага пяра, было напісана ранішняй парой.

Часта Манюшка бываў бездапаможным фізічна: напрыклад, калі ламаўся каляровы аловак, прасіў адну з дачок завастрыць. Абед з’ядаў паміж першай і другой гадзінамі, пасля чаго з гадзіну драмаў, а потым ішоў у адну з улюбёных кавярань на каву і цыгару. Алкаголем не злоўжываў. Тэатральнае жыццё вымушала позна вяртацца. Падчас позняй вячэры Станіслаў еў прагна і часта вельмі сытныя стравы — напрыклад, зразы «па-нельсанску». Здароўя гэта не дадавала.

Усё дарослае жыццё кампазітар любіў карты і більярд. З ягоных лістоў да жонкі мы ведаем, што, будучы ў Мінску, ён часта наведваў «казіно» ў доме Гейдукевіча, якое ў 1840-х было ў горадзе адзіным і выглядала інтэлігентней за сучаснае.

Галоўнай гульнёй у гэтай установе быў віст, не падобна, каб тут калі-небудзь стаяла рулетка. Сёння на гэтым месцы выезд з паркоўкі на плошчы Свабоды на вуліцу Леніна і праспект Пераможцаў.

«Сюды не пускаюць хіба што ў ліўрэі. Дзясятак з чымсьці столікаў. Бываюць вечары з дамамі, тады месца картачных столікаў займаюць танцы. Замест гучнай балбатні чуецца шолах і стук абцасікаў. Кавалеры паслужліва падносяць дамам карамелькі і што-небудзь выпіць», — апісваў ён казіно ў лісце жонцы. Верагодна, Манюшку даводзілася даваць канцэрты ў гэтай зале, якую ён згадвае ў лістах досыць з’едліва. Як, з некаторых часоў, і сам Мінск.

«Што за нуда! Што за людзі!»

Пакінуўшы Мінск дзеля Вільні, Манюшка мо і не вяртаўся б сюды, але ў 1840 годзе памёр ягоны дзядзька Юзаф, які любіў пляменніка і свой маёнтак Скуплін на Барысаўшчыне завяшчаў яму. Дарэчы, Юзаф быў вялікім аматарам тэатра і часта ладзіў у Скупліне аматарскія спектаклі, сведкам якіх бываў юны Стась, — лічыцца, што гэта паўплывала на ягоную любоў да тэатра. Перспектыва атрымаць крыніцу сталага даходу была вельмі прывабнай, аднак удава дзядзькі мела іншыя планы. Давялося весці доўгую цяжбу, да якой Стась Манюшка быў зусім непадрыхтаваны. Расійская судовая сістэма грунтавалася на шматлікіх бюракратычных пастках, што рабіла хабар непазбежным.

Прыязджаючы на суд, Манюшка звычайна спыняўся ў доме адваката Зімніцкага, быццам бы даўняга сябра сям’і, у якога не раз падоўгу здымалі кватэру і бацька, і дзядзькі. Але складаецца ўражанне, што Зімніцкі вёў двайную гульню, патаемна цягнучы грошы і з Манюшак, і з іх апанентаў, наўмысна зацягваючы працэс. А спачатку Стась жыў у доме Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, з якім нават пасябраваў, але потым расчараваўся.

Маці кампазітара Эльжбета ў кватэры Манюшкаў у доме Зімніцкага. 1840 год. Малюнак зрабіў яе муж.

Цяжба за спадчыну прынесла мізэрны вынік — міравое пагадненне, паводле якога Манюшка атрымаў невялікія адступныя.

Мінску з гэтым няўдалым працэсам за спадчыну пашанцавала толькі ў адным: праз яго Станіслаў Манюшка быў вымушаны штогод падоўгу жыць у нашым горадзе і ад няма чаго рабіць пісаў тут невялікія камічныя оперы.

Сядзіба Ваньковічаў у Сляпянцы (цяпер вуліца Філімонава ў Мінску). Тут Ваньковічы часта прымалі Манюшак — захавалася шмат малюнкаў Сляпянкі аўтарства Чэслава Манюшкі. Цяпер у будынку рэстаран. Фота: Wikimedia Commons.

Мінская легенда Манюшкі мусіла б канкураваць з віленскай і варшаўскай, адначасова дапаўняючы іх. Біяграфічных матэрыялаў і музычнай спадчыны як «сыравіны» для гэтага дастаткова — але вырашальнае слова тут за гараджанамі.

Сем дзён малаціла, шух-шах зарабіла

Ва ўсіх энцыклапедыях можна прачытаць, што Манюшка — аўтар першай беларускай оперы «Сялянка» («Ідылія») паводле камічнай п’есы Дуніна-Марцінкевіча. Сяляне ў п’есе размаўляюць па-беларуску, паны — па-польску. Але Манюшка, відаць, быў не адзіным аўтарам музыкі. Даследчыца Святлана Немагай мяркуе, што ён кінуў працу, недапісаўшы, і астатнюю музыку быў вымушаны дапісваць мінскі кампазітар Канстанцін Крыжаноўскі. А на афішах оперы «Яўрэйскі рэкруцкі набор», музыку да якога таксама прынята прыпісваць Манюшку, значыцца ўвогуле толькі Крыжаноўскі. Карацей, недакладнасцяў і загадак пра мінскі перыяд жыцця існуе процьма. Магчыма, юбілейны год трохі дапаможа нешта паправіць.

Але дакладна вядома, што да беларускай народнай культуры Манюшка меў сантымент. Ён падтрымаў праект беларускамоўнага часопіса, які ў сярэдзіне 1850-х задумала інтэлігенцыя, блізкая да Уладзіслава Сыракомлі і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Апошні на адным урачыстым вечары прывітаў Манюшку наступнымі радкамі:

А трэці дудар меж намі ўзрос,

ён нам братка.

Яму мінская зямелька —

родненькая матка!

Трэці дудар як загудзе

песенькі радненькі,

Бяды дый гора забудзеш,

станеш весяленькі!

А так думкі прыўныўны

соладка спявае,

Што за сэрца, баш кляшчамі,

дзетачкі, хватае!

«Песенькі радненькі» — гэта прызнанне, што з 250 песень Манюшкі многія прызнаваліся сучаснікамі як беларускія, створаныя пад уплывам беларускага фальклору. Народныя матывы Манюшка ўстаўляў і ў сур’ёзныя творы, напрыклад, парафраз «Лявоніхі» ва ўверцюру да оперы «Плытагон». А вучань Манюшкі Аўгуст Іваньскі ўспамінаў, што ў ліпені 1855-га паехаў з настаўнікам у Мінск, і на прыпынку ў Смаргоні Манюшка паклікаў яго з брычкі ў карчму, «каб я — першы раз у жыцці — пабачыў беларускі танец, які зваўся «Мяцеліцай»». А за некалькі гадоў да таго бацька кампазітара Чэслаў у лісце да сына апісаў гэты танец і песню, якой ён суправаджаўся, — «Сем дзён малаціла, шух-шах зарабіла…».

Манюшка пражыў 53 гады і памёр ад сардэчнага прыступу. На фота кампазітару 46.

У адрозненне ад многіх дзеячаў польскай культуры, звязаных з Беларуссю толькі «прапіскай», Манюшка ўсведамляў вартасць беларускай культуры і не лічыў яе чужой. Яго можна паставіць у адзін шэраг з Уладзіславам Сыракомлем, Ігнацыем Ходзькам і іншымі «палякамі-літвінамі» ХІХ стагоддзя, якія мелі выразны сантымент да беларускай мовы і ўсведамленне асобнай гістарычнай і культурнай традыцыі.

***

***

Манюшкі не ўмелі гаспадарыць

Чэслаў, бацька кампазітара, быў мастаком-аматарам, а да гаспадарання не меў ніякага таленту. Збаёдалі і маёнтак дзеда Станіслава. Латыфундыя з цэнтрам у Смілавічах была падзелена паміж шматлікімі сынамі — бацькам і дзядзькамі кампазітара — і паступова сплыла з рук роду. Манюшкі, выхаваныя ў тыпова феадальным светапоглядзе, не змаглі прыстасавацца да новых умоў гаспадарання, якія склаліся пасля скасавання прыгону.

Пры гэтым Станіслаў Манюшка, напісаўшы музыку да опер «Сялянка» і «Галька», засведчыў сваю пазіцыю па сацыяльных пытаннях, зарэкамендаваў сябе прыхільнікам вызвалення сялян. Гэта спалучалася ў яго з непублічнасцю і кансерватызмам, таму кампазітара нельга назваць рэвалюцыйным дэмакратам. Ён хутчэй быў прадстаўніком ідэалістычнай плыні «фізіякратаў», якія выступалі за гарманічныя стасункі паміж шляхтай — носьбітамі вышэйшых ведаў і навыкаў кіравання — і сялянамі, якім мусіў быць адкрыты шлях наверх.

***

З 1843 года ў лістах Манюшкі да жонкі гучыць усё больш прыкрасці:

Мінск такі глухі… Здаецца, што спакойны і не чуе, а ў вантробах сваіх ператраўляе і выціскае. Гэты тыдзень быў для мяне жахлівы, сапраўды пакутніцкі. Што за нуда! Што за людзі! Гвалт. Колькі разоў выязджаю з гэтай мясцінкі, заўсёды ў мяне жаданне памыць рукі, твар і абцерці ногі.

ліпень 1843 года

***

Эх, мая Омка! Што гэта за Мінск! Што гэта за места! Што за жыццё! Што за плёткі! Твой мужанёк выглядае як вожык ці як Яўстах Тыш, калі яму ад бесперапыннага жаху валасы не перастаюць уставаць дыбарам!

30 лістапада 1843 года

***

«Я не літвін»

Цікава, што захаваўся адзін ліст, у якім Манюшка нечакана аспрэчвае сваё літвінскае паходжанне. «Гняздо наша на Падляшшы. А з галінкі, якая адтуль прышчапілася на Літве, я — толькі другое пакаленне». Гучыць не вельмі пераканаўча, бо дагэтуль ён не раз прызнаваўся ў сімпатыях да Літвы, дый Падляшша, векавое гняздо Манюшкаў, да 1569 года было яе часткай. Патлумачыць гэты ліст да польскага знаёмца можна тым, што кампазітар ужо збіраўся ўцякаць ад беднасці ў Варшаву і хацеў стварыць уражанне стапрацэнтнага паляка.

Комментарии5

Правительственные войска Сирии отбросили повстанцев от Хамы. Но в Алеппо разгром полнейший

Правительственные войска Сирии отбросили повстанцев от Хамы. Но в Алеппо разгром полнейший

Все новости →
Все новости

Сдают в аренду коттедж погибшего хоккеиста Цыплакова в Дроздах. Вот интерьеры ФОТО22

Пушистые VIP-клиенты. Как в Боровлянах создали парикмахерскую для домашних животных

«Ситуация близка к катастрофе», а «такой мог быть зимний курорт!». Российские военкоры о наступлении повстанцев в Сирии9

Полина Шарендо-Панасюк обжалует последний приговор — но его обжалует и прокуратура

В Минске таксист ударил пассажира за то, что тот якобы громко хлопнул дверью3

Прогноз погоды на первые дни зимы1

Отца, который отсудил двоих детей у жены и вернулся из Бельгии в Беларусь, судят за изнасилование несовершеннолетних1

Агенты ГРУ Мишкин и Чепига, которые отравили Скрипалей в Солсбери, занимаются вербовкой людей для организации диверсий в Европе4

В Вооруженных силах заявили, что разработали аналог Starlink для белорусской армии13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Правительственные войска Сирии отбросили повстанцев от Хамы. Но в Алеппо разгром полнейший

Правительственные войска Сирии отбросили повстанцев от Хамы. Но в Алеппо разгром полнейший

Главное
Все новости →