Беларусь атрымала першы транш крэдыту Міжнароднага валютнага фонду ў памеры 787,9 млн. даляраў ЗША, паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка.

Нагадаем, Выканаўчы савет МВФ 12 студзеня 2009 года ўхваліў праграму «стэнд‑бай» для Беларусі ў аб’ёме прыблізна 2,46 млрд. даляраў ЗША тэрмінам на 15 месяцаў. Беларусь звярнулася па атрыманне крэдыту да гэтай міжнароднай фінансавай арганізацыі ў кастрычніку 2008 года «ў мэтах павелічэння дзяржаўных золатавалютных рэзерваў і стварэння «падушкі бяспекі», неабходнай для стабільнай працы эканомікі ва ўмовах сусветнага фінансавага крызісу».

Як паведамілі ў Нацбанку, атрыманыя сродкі будуць залічаны ў склад золатавалютных рэзерваў краіны і ў далейшым будуць выкарыстоўвацца для падтрымання курсу нацыянальнай валюты.

За мінулы год міжнародныя рэзервовыя актывы (золатавалютныя рэзервы) Беларусі, разлічаныя паводле стандартаў МВФ, скараціліся на 1 млрд. 121,1 млн. даляраў (26,8%), у тым ліку за снежань 2008 года — на 714,3 млн. даляраў.

Паводле інфармацыі МВФ, узгодненыя з беларускім бокам меры ўключаюць больш моцную грашова‑крэдытную палітыку і сістэму палітыкі абменнага курсу, абмежаванне падаткова‑бюджэтнай палітыкі шляхам скарачэння дзяржінвестыцый і мэтавага банкаўскага крэдытавання, а таксама строгае абмежаванне зарплаты ў дзяржаўным сектары.

Перамовы аб выдзяленні Беларусі крэдыту вяліся экспертамі МВФ з прадстаўнікамі беларускіх уладаў на працягу двух месяцаў, з канца кастрычніка па канец снежня 2008 года.

У 1995 годзе МВФ спыніў выдзяленне крэдытаў Беларусі з‑за неадпаведнасці эканамічнай палітыкі ўрада рэкамендацыям фонду. У пачатку 2004 года ўрад і Нацбанк Беларусі заявілі пра адсутнасць неабходнасці ў прыцягненні крэдытных рэсурсаў МВФ. З таго часу супрацоўніцтва з фондам было сканцэнтравана на атрыманні тэхнічнай дапамогі і кансультацый.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0