Актывіста Руху за Свабоду Алега Пронскага выклікалі да першага прарэктара Гарадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта на «прафілактычную гутарку» з нагоды яго грамадскай актыўнасці.

Прарэктар параіў Алегу Пронскаму спыніць грамадска-палітычную дзейнасць, інакш гаспадарка, у якую размеркаваны студэнт 5-га курсу, можа адмовіцца ад такога спецыяліста, і ўніверсітэт вымушаны будзе пераразмеркаваць яго ў Гомельскую вобласць.

* * *

Сёння два капітаны КДБ правялі допыт Алега Пронскага ў кабінеце намесніка дэкана агранамічнага факультэта Гарадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

«Мы размаўлялі каля гадзіны. Спачатку яны наракалі, што я сапсаваў сабе выдатны лёс: яны намерваліся накіраваць мяне ў спецназ, потым узяць на працу ў КДБ. Потым паведамілі, што мае калегі па Руху за Свабоду нібыта купляюць машыны, дамы і гальштукі па 50 даляраў. Дакладна распавялі аб маёй дзейнасці ў руху.

Капітаны прапанавалі мне тры выбары: я спыняю актыўную грамадскую дзейнасць, і мяне пакідаюць у супакоі, не пераразмяркоўваюць у Гомельскую вобласць. Другі: я распавядаю СМІ аб гутарцы і працягваю дзейнасць, і тады мяне пераразмяркуюць на Гомельшчыну і наогул я паламаю сабе жыццё. І трэці: я супрацоўнічаю з КДБ, і тады мяне чакае добрая жыццёвая кар'ера», - сказаў моладзевы актывіст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?