У магілёўскую міліцыю паступіла заява ад 18-гадовага навучэнца аднаго з прафесійна-тэхнічных каледжаў горада. У яго знікла барсетка з залатым ланцужком, 20 рублямі, а таксама 2 банкаўскімі картамі, паведамляе абласная міліцыя.

Да таго, як хлопец згубіў барсетку, ён меў канфлікт з 29-гадовым прыяцелем.

Мужчыны высвятлялі адносіны ў лясной зоне каля дома па вуліцы Крывуліна, а пасля старэйшы таварыш паспрабаваў высветліць хто мацнейшы «на кулаках». Малады чалавек, які не хацеў біцца, уцёк, а праз некаторы час успомніў, што пакінуў на месцы здарэння сумку. Вярнуўшыся назад, ён ужо не знайшоў ні сумкі, ні прыяцеля. Чужую маёмасць забраў яго агрэсіўны прыяцель, вырашыўшы такім чынам «кампенсаваць» урон ад бойкі, якая не адбылася.

Выкрадзенае часткова канфіскавана. Цяпер мужчыне пагражае за крадзеж пакаранне аж да пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0