16 студзеня старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанне Літвіной, а таксама галоўнаму рэдактару «Народнай волі» Іосіфу Сярэдзічу было афіцыйна прапанавана ўвайсці ў склад грамадскай каардынацыйнай рады ў сферы масавай інфармацыі.

«Напярэдадні да мяне патэлефанаваў міністар інфармацыі сп.Русакавіч, які звярнуўся з падобнай прапановай. А ў пятніцу быў атрыманы афіцыйны ліст з Савету міністраў», — кажа І.Сярэдзіч.

Галоўны рэдактар «Народнай волі» прыняў без асаблівых роздумаў гэтую прапанову.

«А якія падставы адмаўляцца? Калі нешта не спадабаецца, то заўсёды можна махнуць рукой і сысці»,
— кажа ён.

Іосіф Сярэдзіч яшчэ не ведае, якія менавіта пытанні будуць разглядацца падчас працы рады. «Паколькі гэтая рада грамадская, то, натуральна, ніякія законапраекты мы прымаць не будзем. Я іду туды з канкрэтнымі прапановамі. Найперш мяне абурае тое, што нават праз 10 гадоў любы валацуга можа падаць у суд на газету, калі пабачыць там нейкую абразу на сябе. Гэтае становішча мяне хвалюе найбольш», — кажа І.Сярэдзіч.

«Быў бы ідэальны варыянт, калі б рада (калі яна будзе на нешта ўплываць) прыняла да разгляду пытанне роўных эканамічных умоваў для СМІ рознай формы ўласнасці, доступу да інфармацыі,
прывядзення ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і стандартамі закона «Аб СМІ«, калі б у паўнамоцтвах рады былі такія пытанні, як перарэгістрацыя, стварэнне цывілізаванага медыярынку… Але ўсё гэта пакажа час», — прыводзіць словы Жанны Літвіной сайт БАЖу.

Загад аб стварэнні каардынацыйная рада па СМІ быў падпісаны яшчэ напрыканцы кастрычніка. Асноўнымі задачамі рады з’яўляюцца: каардынацыя ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх аб’яднанняў і іншых арганізацый, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у сферы масавай інфармацыі; забеспячэнне правільнага прымянення норм закона «Аб СМІ»; разгляд спрэчных пытанняў, датычных прымянення гэтага закона і іншага заканадаўства ў сферы СМІ.

Запрашэнне Літвіной і Сярэдзіча вельмі нагадвае ўваходжанне Яраслава Раманчука і Андрэя Вардамацкага ў міжведамасную працоўную па краінавым маркетынгу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?